Шведскі досвед для беларускіх фрылансераў: адзін у полі — не змагар
Не толькі рыбак рыбака бачыць здалёку, але і фрылансер фрылансера. А пажадаюць пабачыць адзін аднаго бліжэй, ніякія адлегласці ім не перашкода.
Шведскія журналісткі-фрылансеркі – Ізабэла Іверус са Стакгольма і Оса Ульсан з Мальмё – пераадолелі каля дзвюх тысяч кіламетраў, каб у Гомелі сустрэцца са сваімі калегамі па журналісцкаму цэху, а таксама з тымі, хто выяўляе непадробны інтарэс да такой дзейнасці.
Сустрэча-трэнінг “Жыццё фрылансера. Досвед з Швецыі” праходзіла 7 снежня на гарадской пляцоўцы “Медыяпрастора”. Гасцей прывёз сябра Рады ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрусь Клікуноў, а прымала іх намесніца старшыні Гомельскай філіі ГА “БАЖ” Ларыса Шчыракова. Слухалі ж дасведчаных гасцей паўтара дзясятка творчых гамельчукоў.
Цяжкая беларуская рэальнасць
Досвед у Ізабэлы Іверус і Осы Ульсан сапраўды салідны. Першая займаецца фрылансерствам ужо амаль два дзесяцігоддзі, другая крыху меней – шаснаццаць гадоў. У Швецыі ніхто іх не запісвае ані ў “дармаеды”, ані ў “замежныя карэспандэнты”, за якімі палюе міліцыя, прабачаюся, шведская паліцыя.
Шведкія фрылансеры не ўпершыню наведваюць Беларусь. Але пачынаючы размову, Оса Ульсан не прамінула падкрэсліць: “Гаварыць я буду зразумела, пра шведскі досвед, а вы ўжо самі перанясіце яго на беларускую глебу, у беларускія ўмовы, у якіх, шчыра прызнаюся, не ўсё разумею”.
Адзін у полі не змагар
Працуючы вольнымі журналістамі, шведкі сталі дбаць пра фармаванне супольнасці сярод фрылансераў, пашырэнне інфармавання ў сваім асяродку. Найперш стварылі паўднёва-шведскую фрылансерскую філію ў Саюзе журналістаў Швецыі, паколькі ўсяго ў гэтай скандынаўскай краіне дзейнічае каля 1800 фрылансераў.
У выбудоўванні ўзаемадачыненняў ёсць свой сэнс, бо пашыраецца кола стасавання, больш разнастайнай становіцца тэматыка матэрыялаў. А гэта ўжо аснова ўзаемадачыненняў з заказчыкам, дзе ёсць свае нюансы, і асабліва ў аплаце працы. Але ў Швецыі дзейнічае так званы “Калькулятар фрылансера” з указаннем прыкладнай сярэдняй аплаты працы штатных супрацоўнікаў СМІ. Гэта і служыць арыенцірам для фрылансераў пры заключэнні дамоваў з медыямі на падрыхтоўку матэрыялаў ды відэасюжэтаў.
Калегі, а не канкурэнты
Стасункі ў фрылансерскім коле — асобная тэма. Калі яна прагучала, то адчувалася, што са Швецыі прыехалі не проста дасведчаныя калегі, а разумныя і адкрытыя людзі, сапраўдныя еўрапейцы, якія не пазбягаюць складанага, умеюць пра яго гаварыць. І галоўнае — знаходзіць кансэнсус.
“Будзьце з іншымі фрылансерамі, як з калегамі, а не як з канкурэнтамі”, — раілі гамельчукам Ізабэла Іверус і Оса Ульсан. Пасля гэтых слоў у “Медыяпрасторы” пракаціўся шумок. Закранула!
Прафесія вымагае супрацы, актыўнага стасавання ў сацыяльных сетках, шчырага, без шкадавання. Да прыкладу, як наладзіць доступ да праграм падтрымкі, пошук форм фінансавання.
У практыцы шведак ёсць і ментарская праграма. Гэта калі фрылансеры з досведам навучаюць пачынаючых. Такая сабе ланкастэрская школа. Гамельчукам яе гісторыя вядомая, бо будынак яе ў горадзе стаіць дагэтуль.
Пратэст – звычайная форма абароны
Яшчэ адна блізкая беларускім фрылансерам тэма, расказаная гасцямі са Швецыі, пра выдавецкі дом ЕGМОNТ. Неяк выдаўцы яго паспрабавалі прымусіць фрылансераў падпісаць дамову, што тыя даюць згоду на выкарыстанне іх прадукта без павелічэння аплаты. Фрылансеры зладзілі пратэст.
І тут гомельская аўдыторыя не вытрымала, дайшло да дыскусіі. Гаварылі пра рэакцыю шведскай і беларускай грамадскасці на прымус, пра стаўленне да журналістаў увогуле, пра аўтарскія правы і права фрылансераў на працу, пра атрыманне каментара ў адмыслоўца і наогул права на інфармацыю.
Цікавы герой — найлепшая самарэклама
Госці са Швецыі перакананыя, што любы журналіст мусіць умець сябе прэзентаваць, выклікаць зацікаўленне да сваёй асобы. Такіх больш заўважаюць, ім часцей прапаноўваюць супрацоўніцтва. Але як сябе прэзентаваць?
“Шукайце героя, які б быў цікавы многім, — кажа Ізабэла Іверус. — Важна, каб героямі былі людзі самых розных узростаў, у тым ліку і дзеці, рознага досведу, сацыяльнага статусу. Праз героя найлепш прадаць ідэю. Такі шведскі досвед. Ці магчыма такое у Беларусі, вырашайце самі”.
Аўдыторыя ізноў загула: “Агучыш — скрадуць. Пасля скажуць, што ідэі лётаюць у паветры”.
Шведкі раяць беларускім фрылансерам быць навідавоку, весці блогі, удзельнічаць у грамадскіх дэбатах, прыкладам, на тэлебачанні (зразумела, не пра беларускія варункі). У актыўных людзей, калумністаў шанцы падвышаюцца.
“Важна ўмець пісаць на складаныя тэмы, — перакананая Оса Ульсан. — Тая ж эканамічная сфера на першы погляд падаецца даволі сумнай: лічбы, працэнты, крэдыты, графікі, параўнані. Аднак адпаведная адукацыя дазваляе пісаць пра эканоміку і фінансы змястоўна і цікава. І нарэшце, выжываць шведскаму фрылансеру дапамагае наяўнасць у яго некалькіх замоўнікаў працы. Гэта надзвычай важная падстрахоўка”.
“Фрылансеры ў Беларусі — мужныя людзі”
Бываючы ў Беларусі, Оса і Ізабэла заўважылі, што ўмовы працы ў беларускіх фрылансераў не проста складаныя, яны на мяжы невыносных – перашкоды, пераследы, велізарныя штрафы, нават арышты.
“Фрылансеры ў Беларусі вельмі мужныя людзі, моцныя духам, адданыя сваёй справе”, — дзеліцца сваімі назіранннямі з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” Оса Ульсан.
Чым можна дапамагчы беларускім журналістам? Найперш розгаласам, удзелам у іх лёсе журналісцкіх, грамадскіх і афіцыйных супольнасцяў Еўропы. Колькі дзён таму Оса Ульсан сама была ў Бруселі, дзе сустракалася з дэпутатамі Еўрапарламента ад Швецыі. Яны падрыхтавалі рэзалюцыю пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Асобна ў рэзалюцыі вылучаны парушэнні правоў беларускіх журналістаў-фрылансераў.
Фота Васіля Грыгарэнкі