• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Мова. Музыка. Маладосць” — “Арт Сядзіба” канцэртам адзначыла свае народзіны

    “Арт Сядзіба” — паспяховы культурніцкі праект, сярод заснавальнікаў якога былі і журналісты — адзначыла сем год дзейнасці.

    “Мова. Музыка. Маладосць”  — так называўся дакументальны фільм 2013 года пра гісторыю беларускага року і яго ролю ў нацыянальным адраджэнні ад тады зусім яшчэ маладой культурніцкай пляцоўкі “Арт Сядзіба”. Гэтымі ж трыма словамі можна апісаць святочны канцэрт з нагоды сямігодзя “Арт Сядзібы”.

    Напэўна не ўсе заснавальнікі “Арт Сядзібы” ў 2011-ым маглі прадбачыць,  што праз некалькі год іх праект будзе мець магчымасць не толькі ладзіць канцэрты ды паэтычныя вечарны, а таксама зробіць беларускамоўны інтэрнэт-партал, будзе ладзіць стрымы і рабіць відэаінтэр’ю, будзе афіцыйна супрацоўнічаць з федэрацыяй футбола Беларусі і нават стане адным із арганізатараў маштабнага “Свята Незалежнасці”, прымеркаванага да 100-годдзя БНР.

    Сімвалічна першым на сцэну на Дні народзінаў “Арт Сядзібы” выйшаў адзін з яе заснавальнікаў Зміцер Афанасенка са сваім гуртом Amaro­ka. Гурт, простымі па аккордах, але моцнымі па энергетыцы песнямі, стварыў святочны настрой публіцы.

    Павел Белавус

    Акрамя музыкаў, са сцэны “Арт Сядзiбу” віншавалі яе галоўны заснавальнік, а цяпер кіраўнік Symbal.by Павел Белавус, былы “артсядзібавец” Мікіта Броўка (абодва пачыналі сваю дзейнасць як журналісты, між іншым), вядомы музыка Алесь Таболіч,  удзельнік папулярнага гурта ЛСП Пётр Клюеў. Цяперашні кіраўнік “Арт Сядзібы”, паэт Алесь Снег падзякаваў усім прысутным і запэўніў, што пляцоўка і надалей будзе рабіць шмат цікавых праектаў, падтрымліваць беларушчыну.

    Пасля свае акустычныя сэты адыгралі беларускія музыкі, сябры “сядзібаўцаў”: Алесь Лютыч з гурта :B:N і лідар “Мутнагавока” Яўген Змушка. Харызматычны “паслядоўнік Курта Кабэйна” Яўген Змушка зладзіў перфоманс ды абліў публіку святочным шампанскім, а Алесь Лютыч задушэўна праспяваў песню легендарных “Песняроў” “Чырвона Ружа”.

    Зміцер Афанасенка, гурт Amaroka

    Пасля акустычнай передышкі на сцэне і танцпляцоўцы пачалася сапраўдная гарачыня. Свой ска-кораўскі сэт граў гурт The Super­bul­lz на чале з вядомым музыкам і патрыётам роднай культуры Алесем-Францішкам Мышкевічам.

    Хэдлайнерамі вечару быў магілеўскі гурт Akute.  У нейкі момант выступу Akute мінская публіка нават шчыра заскандавала “Магілёў, Магілеў!”

    Раман Жыгараў. Гурт Akute

    Завяршылася імпрэза песняй “Гэта БНР!” на матыў кампазіцыі Макса Каржа, якую выканалі на сцэне ўсе цяперашнія ўдзельнікі “Арт Сядзібы”. Такім чынам яны сімвалічна завяршылі год мерапрыемстваў, прысвечаных стагоддзю Беларускай Народнай Рэспублікі, і паабяцалі ўжо цягам бліжэйшых дзен распачаць падрыхтоўку да адзначэння яе 101-ай гадавіны.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці