У дзень народзінаў Лунінецкай філіі ГА “БАЖ” журналісты сабраліся на “кватэрнік”
Лунінецкая філія адзначыла 19-годдзе з дня афіцыйнай рэгістрацыі.
“Кватэрнік” прайшоў у стылізаваным інтэр’еры краязнаўчага музея, супрацоўнікі якога гасцінна сустрэлі журналістаў.
Падчас сустрэчы сябры ГА “БАЖ” дэманстравалі свае творчыя здольнасці. І не толькі творчыя, а і кулінарныя. Напрыклад Вікторыя Мікуліч прыгатавала да гарбаты імбірнае печыва — яно ўсім прыйшлося да спадобы.
Таццяна Качаноўская падрыхтавала сюрпрыз у выглядзе цукерак з “прагнозамі” на 2019 год, Вадзім Жылко павесяліў прысутных анекдотамі, Людміла Хмялеўская спявала пад гітару.
Выступілі на “кватэрніку” і мясцовыя барды, героі журналісцскіх публікацый.
Як адзначыла старшыня філіі Алена Насковіч, за напружанай працай не стае часу збірацца разам для душэўных размоў. “Кватэрнік” у дзень народзінаў дазволіў сябрам філіі адчуць сябе адной сям’ёй.
Да слова, падчас Рады ГА «БАЖ» Лунінецкая філія была адзначаная дыпломам «За паспяховую рэалізацыю планаў філіі і гуртаванне супольнасці».