Будзь у Цэнтры — падзей і грамадскага жыцця. HrodnaMediaRoom назваў лепшых журналістаў, якія пішуць пра грамадскую актыўнасць
Ініцыятыва HrodnaMediaRoom падвяла вынікі конкурсу “Будзь у Цэнтры!” і вызначыла аўтара, які зрабіў найлепшы матэрыял тэму грамадскай актыўнасці ў Гродне і на Гродзеншчыне. Імёны пераможцаў сталі вядомыя падчас канферэнцыі “Свабода слова і асаблівасці медыяменеджмента ў Беларусі”, якая адбылася ў Гродне.
Усяго на конкурс было даслана 23 матэрыялы: артыкулы, тэлевізійныя сюжэты, радыёпраграма.
Ацэньвалі працы і вызначалі пераможцу вядомыя беларускія журналісткі і журналісты: Святлана Калінкіна, рэдактарка сайта “Заўтра тваёй краіны” і медыяэкспертка Марына Загорская, галоўны рэдактар “Нашай Нівы” Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар “Еўрарадыё” Павел Свярдлоў, медыяэксперт і карэспандэнт Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі.
Сябры журы ацанілі працы канкурсантаў па 10-бальнай шкале па наступных крытэрыях:
Выбар тэмы. Грамадская значнасць, прывязка да мясцовых праблем.
Змест. Паўната і прапрацаванасць, лагічнасць пастраення. Адпаведнасць зместу мэтавай аўдыторыі.
Аўтарскі стыль. Спосабы аўтарскай падачы матэрыяла.
Мультымедыйнасць. Разнастайнасць прадстаўлення інфармацыі — фота, відэа, інфаграфіка, аўдыё і г. д.
Трэцяе месца атрымала журналістка-фрылансерка Кацярына Ляўдацкая за артыкул пра ўнікальнае балота на Лідчыне, якое хочуць знішчыць дзеля торфу.
Другое месца атрымала рэдактарка спецпраектаў гродзенскага партала HrodnaLife Ірына Новік за артыкул «Паветраныя замкі і патрыятычныя коцікі. Як актывісты спрабуюць аднавіць палац Храптовічаў у Шчорсах».
Пераможцай конкурсу стала фотакарэспандэнтка TUT.BY Кацярына Гардзеева, за матэрыял пра пошукі хлопчыка Максіма Мархалюка:
«Посмотрите — километры людей». Как в Беловежской пуще продолжают искать пропавшего мальчика» .
Конкурс “Будзь у Цэнтры!” быў абвешчаны восенню 2018-га з нагоды першага Дня нараджэння HrodnaMediaRoom. Мэтай конкурсу з’яўляецца папулярызацыя дзейнасці грамадскіх арганізацый, ініцыятыў і асоб Гродзеншчыны, якія робяць значны ўнёсак у вырашэнне важных мясцовых пытанняў.