У Брэсце адбыліся “Медыя-каляды”
Падчас мерапрыемства былі падведзеныя вынікі конкурсу ў межах праекта “Брэсцкі медыя-цэнтр”, які быў арганізаваны Агенцтвам рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч”.
У конкурсе маглі браць удзел як журналісты, так і блогеры. Матэрыял павінен быць прысвечаны грамадска значным праектам у Брэсце і актывістам, якія іх робяць.
У выніку пераможцай была прызнана сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Іна Хоміч – аўтар публікацыі “З пазычаным органам. Як жывуць людзі пасля трансплантацыі?”
Падчас “Медыя-каляд” былі падведзеныя вынікі супрацоўніцтва няўрадавых дэмакратычных арганізацый і СМІ ў рэгіёне за 2018 год. Як нагадала прадстаўніца АРР “Дзедзіч” Алена Каховіч, праект “Брэсцкі медыя-цэнтр” накіраваны на ўмацаванне сувязяў паміж журналістамі і грамадскімі актывістамі горада і на павелічэнне прысутнасці арганізацый трэцяга сектара ў медыяпрасторы Брэста.
На працягу мінулага года “Брэсцкі медыя-цэнтр” ладзіў трэнінгі і сустрэчы, падчас якіх кожны мог атрымаць практычныя інструменты па стрымінгу, грамадзянскаму актывізму, фатаграфіі, сторытэлінгу і іншых кірунках.
Падзяліцца сваім досведам у Брэст прыязджалі Дзяніс Васількоў, Антон Матолька, Паўлюк Быкоўскі, Антон Кашлікаў, Сяргей Сахараў, Адар’я Гурштын і іншыя.
Таксама прысутныя паўдзельнічалі ў дыскусіі з галоўным рэдактарам “Еўрарадыё” Паўлам Свярдловым. У ёй абмяркоўваліся далейшыя формы супрацоўніцтва няўрадавых арганізацый і СМІ.