Журналістаў Вольгу Чайчыц і Сяргея Краўчука затрымалі ў Курапатах + ВІДЭА ЗАТРЫМАННЯ
Супрацоўнікі міліцыі абвінавацілі журналістаў у парушэнні заканадаўства аб СМІ, прымусілі сесці ў міліцэйскую машыну і даставілі ў аддзяленне ў Бараўлянах.
Затрыманне адбылося побач з мемарыялам Курапаты пад Мінскам.
Вольгу Чайчыц спынілі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі, пасля чаго прымусілі Вольгу Чайчыц перасесці ў міліцэйскую машыну і павезлі ў Бараўлянскі РАУС. Затрыманы таксама і аператар Сяргей Краўчук.
— У Курапатах міліцыянты часта затрымліваюць журналістаў. Відавочна, улады хочуць, каб мы не асвятлялі падзеі ва ўрочышчы і каля скандальнага рэстарана “Поедем поедим”, — расказала журналістка ў анлайн-трансляцыі, якую вяла падчас затрымання. У Курапатах перад гэтым была прэс-канферэнцыя праціўнікаў рэстарана “Поедем поедим”.
У 2018 годзе Вольгу Чайчыц 14 разоў штрафавалі за нібыта парушэнне заканадаўства аб СМІ — супрацоўніцтва са спадарожнікавым тэлеканалам “Белсат” (Польшча). ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” лічыць такі пераслед журналістаў незаконным.
20:32. У выніку супраць журналістаў склалі адміністрацыйныя пратаколы за нібыта парушэнне парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ — працу без акрэдытацыі на спадарожнікавы тэлеканал «Белсат».
Нагадаем, што «Белсат» шмат гадоў дабіваецца акрэдытацыі для сваіх журналістаў у Беларусі, але да гэтага часу — безвынікова.
А міліцыя і суды караюць журналістаў штрафамі паводле адміністрацыйнага артыкула 22.9 за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Хоць, паводле беларускага заканадаўства, вырабам і распаўсюдам прадукцыі СМІ займаецца менавіта рэдакцыя, а не журналісты.
Пасля складання пратаколаў журналісты вызваленыя.
Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП (табліца) АБНАЎЛЯЕЦЦА
«Я веру ў Цуд». Прэзентацыя кнігі Сяргея Ваганава — 24 студзеня