Справа супраць віцебскага журналіста скончылася рамонтам, а не судом
Да віцебскага журналіста-фрылансера Віталя Скрыля 9 студзеня дахаты прыйшоў міліцыянт. Ён сказаў, што мае даручэнне ад Аршанскага РАУС апытаць хлопца, бо там супраць яго завялі адміністрацыйную справу па артыкуле 22.9 за сюжэт, паказаны на тэлеканале “Белсат”. З тае пары пра справу нічога не чуваць, затое героі відэасюжэту адзначаюць станоўчыя зрухі ў вырашэнні сваёй праблемы.
Міліцыянт сказаў, што прыйдзе позва. Але яе няма
Падзеі 9 студзеня ўжо пачалі забывацца, бо візіт супрацоўніка міліцыі Віцебскага раёна не меў працягу, кажа Віталь Скрыль.
“Спачатку ён патэлефанаваў і сказаў, што трэба сустрэцца. Маўляў, у Оршы супраць мяне распачатая адміністрацыйная справа паводле артыкула 22.9. І яго папрасілі, каб ён апытаў мяне на месцы. Пытанні тычыліся відэасюжэту “Адна душавая на 200 чалавек і 40 гадоў без рамонту”, паказанага на тэлеканале “Белсат”. Ніякіх афіцыйных папер міліцыянт мне не пакінуў, але паведаміў, што я мушу чакаць позву ў аршанскую міліцыю. Як я зразумеў, мяне збіраюцца пазнаёміць з пратаколам пра правапарушэнне”, – распавёў журналіст.
Ніякай позвы ён так і не атрымаў – ні ў міліцыю, ні ў суд. Ні нават паведамлення пра тое, што справа скасаваная, і з якіх прычын.
У Барані шукалі аўтараў відэасюжэту і пагражалі насельнікам інтэрната
Героі відэасюжэту – насельнікі інтэрната па вул. Астроўскага ў Барані – распавядалі, як міліцыя шукала датычных да з’яўлення гэтага матэрыялу. Людзі ў форме паказвалі насельнікам інтэрната фотаздымкі, каб нехта пазнаў журналістаў, якія прыязджалі ў інтэрнат. Тым, хто не пабаяўся выказацца пра антысанітарыю ў інтэрнаце ды іншыя праблемы, пагражалі нават высяленнем.
Але неўзабаве сітуацыя змянілася: у інтэрнат прыехала камісія. І хоць людзям усяляк забаранялі скардзіцца, праблемы было не схаваць – трубы і сантэхніка ў жахлівым стане, электрапліты не працуюць, просьбы пра даўно запланаваны рамонт ігнаруюцца.
Скончылася ўсё тым, дзеля чаго, уласна, і робіцца журналісцкая праца: праблема пачала вырашацца. У інтэрнаце сталі мяняць краны, пафарбавалі калідоры, на наступны год абяцаюць зрабіць капітальны рамонт.
“Грамадскай увагі да гэтай праблемы больш не хочуць”, – лічыць актывіст
Віктар Міхасёў, які некалі быў дэпутатам Бараньскага гарсавета, пра праблемы інтэрната ведае непасрэдна ад людзей.
“Мне скардзіліся “па старой памяці”, і я раіў не маўчаць: пісаць лісты ў адпаведныя інстанцыі, запрашаць журналістаў. Адгукнуўся “Белсат”, выйшаў артыкул на мясцовым сайце orsha.eu. Я і сам імкнуўся прыцягнуць увагу да праблемы інтэрната, размяшчаючы фотаздымкі ў сацыяльных сетках. Цяпер людзі расказваюць мне пра станоўчыя зрухі, якія пачаліся дзякуючы працы журналістаў”, – кажа Міхасёў.
Верагодна, што адказныя асобы імкнуцца пазбегнуць грамадскай увагі да стану інтэрната, дзе засталося яшчэ шмат невыпраўленых недахопаў. Адміністрацыйная справа супраць журналістаў магла б яе зноўку справакаваць. Тым не менш, Віталь Скрыль спрабуе даведацца пра лёс расследавання, бо ён аказаўся да яго датычным.
“Я напісаў запыты ў міліцыю, раз ужо мяне апыталі ў якасці асобы, супраць якой завялі справу. Сюжэт на тэлеканале “Белсат” выйшаў 5 снежня 2018 года, такім чынам, два месяцы, на працягу якіх справа мусіла б дайсці да суду, мінулі. Але я не атрымліваў ні позвы ў міліцыю, ні позвы ў суд, ні паведамлення, што справу супраць мяне скасавалі”, – кажа журналіст.