• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Віцебску затрымалі Барыса Хамайду. Адразу пасля інтэрв’ю незалежнаму журналісту

    Найстарэйшага віцебскага актывіста і распаўсюдніка незалежнай прэсы адвезлі ў Чыгуначны райаддзел міліцыі і праз 2 гадзіны склалі пратакол паводле арт. 21.14 КаАП. У пратаколе сказана, што Барыс Хамайда сваёй маёмасцю загрувашчвае вуліцу.

    Барыс Хамайда расказаў, што ў чацвер, 14 сакавіка, як заўсёды стаяў каля дома па вуліцы Леніна, 28 у Віцебску — распаўсюджваў незалежныя выданні, чым займаецца ўжо не першы год на гэтым месцы.

    “Міліцыянты падышлі прыкладна праз 10 хвілін пасля таго, як я паразмаўляў з журналістам. Гаворка была пра 25-годдзе Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, бо 15 сакавіка — Дзень Канстытуцыі. Журналіст адышоў па сваіх справах, а да мяне пад’ехала міліцэйская машына. Супрацоўнікі запатрабавалі, каб я збіраў свой столік і бел-чырвона-белы парасон ды сыходзіў з гэтага месца. Я адмовіўся, і мне было заяўлена, што я парушаю заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і таму мяне затрымліваюць”, — распавёў Барыс Хамайда.

    Журналіст Зміцер Казакевіч стаў сведкам затрымання і спрабаваў заступіцца за сталага чалавека:

    — Я спытаў у міліцыянтаў, што адбываецца. Тым часам яны пхалі ў багажнік рэчы спадара Хамайды. Мне адказалі, што ніхто нікога не затрымлівае, проста “чалавек выклікаў таксі». Прагучала гэта зусім не ветліва.

    У пастарунку парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах ужо не згадвалі: актывіста абвінавацілі  ў парушэнні правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў. Хамайду сказалі, што ягоны столік і парасон нібыта загрувашчваюць вуліцу, і яму паводле арт. 21.14 КаАП пагражае пакаранне ў выглядзе штрафа памерам да 5 базавых велічынь.

    Пратакол  Барыс  Хамайда не падпісаў. Але сам інцыдэнт яго непрыемна ўразіў: амаль цягам года міліцыянты не мелі да яго ніякіх прэтэнзіяў. Апошні раз Барыса Хамайду затрымлівалі летась у чэрвені перад адкрыццём “Славянскага Базару ў Віцебску”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці