У Глыбокім незалежныя журналісты адзначылі Сусветны дзень свабоды прэсы
Штогод незалежныя журналісты 3 мая нагадваць пра тое, што свабода слова і свабода друку — гэта правы, замацаваныя Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека. Гэты дзень для глыбоцкіх журналістаў супаў яшчэ з адной падзеяй — адкрыццём Міжнароднага фэсту дударскіх рэгіёнаў. Таму разам сабраліся самыя вядомыя і актыўныя журналісты суполкі.
Кіраўнік глыбоцкай суполкі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Таццяна Смоткіна разам з калегам Змітром Лупачам раздалі ў Глыбокім каля 100 экзэмпляраў спецвыпуска газеты “Народная воля”.
Падчас акцыі журналісты нагадвалі мінакам пра Сусветны дзень свабоды прэсы. Ніхто з людзей не адмаўляўся браць газету, акрамя адной работніцы райвыканкама. Некаторыя нават былі засмучаныя, што газеты ім не хапіла. Госці з Расіі, якія прыехалі ў Глыбокае на дударскі фэст, таксама зацікавіліся спецвыпускам.
На старонках «Народнай Волі» быў надрукаваны спецпраект “Свабодная прэса: беларускія рэаліі”. Гэта сумесны праект “Народнай волі” і “Беларускай асацыяцыі журналістаў”. Мэтай спецвыпуска было інфармаванне людзей пра стан СМІ ў краіне, сітуацыю са свабодай слова — адным з важнейшых правоў чалавека.