• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Глеба Рубанава будуць судзіць 16 мая за рэпост у сацсетках

    IT-кансультант Глеб Рубанаў правёў у пастарунку больш за суткі. Яго вызвалілі з-пад варты і ўручылі позву ў суд на 16 мая. Дзяжурны суддзя адмовіўся разглядаць справу сёння.

    Глеб Рубанаў ноччу з 6 на 7 траўня быў затрыманы за ўдзел у флешмобе #яэкстрэміст у сацыяльных сетках. Глеба прыкладна ў 4:30 выманілі ў двор з нагоды, што быццам нехта пашкодзіў яго аўтамабіль. У выніку міліцыянты сярод ночы завезлі яго ў Савецкі РУУС, дзе паведамілі пра затрыманне да суда.

    Ноч Глеб Рубанаў правёў у пастарунку з антысанітарнымі ўмовамі, пра што і напісаў скаргу міліцыянтам.

    Пратакол па сваёй справе — за распаўсюд матэрыялаў экстрэмісцкага зместу — Глеб Рубанаў пабачыў яшчэ ноччу на 7 мая. Ён заявіў, што абавязуецца з’явіцца ў суд, таму затрымліваць яго не мае сэнсу.

    Да таго ж у Глеба на ўтрыманні маці-інвалід, а таксама ёсць малы сын.

    «Тым не менш я правёў 30 гадзін пад вартаю. Я адмовіўся даваць тлумачэнні па справе, гэта зафіксавана ў пратаколе. Напэўна, супрацоўнік міліцыі Варанішчаў вырашыў, што гэта і ёсць нагодаю для затрымання да суда. Стаўленне да ўсяго гэтага я агучу ўжо ў судзе. Прымяненне механізма, датычнага барацьбы з экстрэмізмам, занадта шырокае, ён часта ўжываецца ў карных мэтах да грамадзян, якія не нясуць пагрозы іншым. Мая мэта — разваліць гэтую справу ў судзе. Хачу сказаць, што сітуацыя, якая склалася, — гэта  узорная дыскрэдытацыя МУС, зробленая сіламі супрацоўнікаў гэтага ж міністэрства», — гаворыць Глеб Рубанаў.

    Ноччу затрымалі Глеба Рубанава — за рэпост у сацыяльных сетках

    Нагадаем, 21 сакавіка, IT-кансультанту Глебу Рубанаву патэлефанаваў чалавек, які прадставіўся ўчастковым, і паспрабаваў запрасіць на неадкладную размову з нагоды флэшмобу #яэкстрэміст.

    На прапанову перанесці размову на больш зручны час, участковы адказаў, што нібыта рашэнне трэба прыняць сёння, бо заканчваецца тэрмін праверкі па справе, распачатай тыдзень таму, 14 сакавіка. Глеб Рубанаў ад сустрэчы адмовіўся. Па словах тэлефанаваўшага, справа, верагодна, будзе перададзена ў суд.

    Флэшмоб #яэкстрэміст распачаты анархістам і журналістам Міколам Дзядком. Удзельнікі флэшмоба публікуюць у сацыяльных сетках свае фотаздымкі з матэрыяламі з Рэспубліканскага спісу экстрэміцкіх матэрыялаў і хэштэгам #яэкстрэміст #яэкстремист.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці