Адміністрацыя завода ў Светлагорску забараняе працаўнікам фота- і відэаздымкі
Генеральны дырэктар ААТ “Светлагорскі цэлюлозна-картонны камбінат” Юрый Крук падпісаў адмысловае распараджэнне №125 “Аб узмацненні інфармацыйнай бяспекі ў грамадстве”, паводле якога працаўнікам аб’яднання забараняецца прыносіць на прадпрыемства мабільныя тэлефоны, а таксама рабіць відэа- і фотаздымкі на тэрыторыі камбіната.
Распараджэнне падрыхтаванае “з мэтай мінімізацыі рызык, звязаных з распаўсюдам непраўдзівай інфармацыі, выключэння несанкцыянаваных фота- і відэаздымак аб’ектаў і тэхналагічных працэсаў, а таксама інфармацыйнай бяспекі ААТ “Светлагорскі ЦКК”.
Грамадскія актывісты Светлагорска звязваюць распараджэнне адміністрацыі акцыянернага таварыства з праблемным заводам па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы, пабудаваным на базе ЦКК кітайскай карпарацыяй САМСЕ на падставе беларуска-кітайскай інвестыцыйнай дамовы. Кошт праекта склаў каля 1 мільярда долараў.
У светлагорцаў і жыхароў вёскі Якімава Слабада новае прадпрыемства займела народную назву “смярдзючага завода” з прычыны выкіду шкодных для здароўя людзей газаў з непрыемным пахам – метылмеркаптанаў. Шматлікія скаргі і пратэсты мясцовых жыхароў асвятляліся ў СМІ і сацыяльных сетках. Пусканаладачныя работы былі прыпыненыя.
Днямі ў сацыяльнай сетцы vk.com/svetliygorod быў змешчаны фотаздымак з паведамленнем пра тое, што ў цэху Светлагорскага ЦКК абрынуўся дах. Фотаздымкам падзяліўся хтосьці з супрацоўнікаў прадпрыемства. Наўздагон на сайце завода з’явілася абвяржэнне фотаінфрмацыі. Маўляў, гэта не адпавядае рэчаіснасці, бо звязана з вытворчай неабходнасцю – “у адным з вытворчых памяшканняў завода сульфатнай беленай цэлюлозы вядуцца планавыя работы па частковай замене сэндвіч-панэляў”.
Праўдападобна, што паведамленне пра абвал даху і стала апошняй кропляй дзеля падрыхтоўкі распараджэння №125 з прэтэнцыёзнай назвай пра ўзмацненне інфармацыйнай бяспекі ў грамадстве, а на паверку – адміністрацыйным крокам дзеля таго, каб зручней хаваць ад гэтага самага грамадства праблемы на новым прадпрыемстве.