• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Незалежнаму выданню “Ганцавіцкі час” адмовілі ў распаўсюдзе. Чыноўнікі адмаўляюць сваю датычнасць

    Рэдакцыя атрымала паведамленне аб скасаванні дамовы на пастаўку і рэалізацыю газеты ад Ганцавіцкага райспажыўсаюза. Пры гэтым старшыня гэтай установы Аляксандр Кулак запэўнівае, што якіх-небудзь прэтэнзій да незалежнага выдання ў яго няма.

    Як паведаміў галоўны рэдактар “Ганцавічскага часуПётр Гузаеўскі, сапраўды, прэтэнзій і падставаў для скасавання дамовы няма.

    — Адкуль ім быць, калі продаж газеты для райспажыўсаюза з’яўляецца бяспройгрышным і выгадным варыянтам: арганізацыя атрымлівае прыбытак ад рэалізацыі, а непрададзеныя асобнікі рэдакцыя забірае на спісанне, — кажа Пётр Гузаеўскі.

    Больш за тое: раз на тыдзень райспажыўсаюз меў магчымасць рэкламавацца на каляровай паласе газеты бясплатна (за год такі блок рэкламы каштаваў бы ўстанове 1665 рублёў).

    Галоўны рэдактар мяркуе, што скасаванне дамовы, хутчэй за ўсё, адбываецца з ініцыятывы мясцовых уладаў.

    Галоўны рэдактар “Ганцавічскага часу” Пётр Гузаеўскі

    — У чыноўнікаў райвыканкама ёсць незадаволенасць шэрагам матэрыялаў, што з’явіліся на сайце “Ганцавіцкага часу”, — распавёў Пётр Гузаеўскі. — У прыватнасці, гэта тычыцца відэароліка пра безгаспадарчасць у некаторых сяльгаспрадпрыемствах раёна.

    Каб высветліць, хто ўсё ж такі з’яўляецца ініцыятарам забароны распаўсюду незалежнага выдання, журналісты звярнуліся ў Ганцавіцкі райвыканкам.

    Старшыня Уладзімір Бялоў на прамое пытанне, ці было такое “распараджэнне” ад уладаў адказаў, што ён асабіста загаду не даваў і дадаў, што райспажыўсаюз — гэта самастойны суб’ект гаспадарання.

    “Можа вы нешта напісалі дрэннае пра іх, і таму не хочуць гандляваць вашай газетай?”, — кажа Уладзімір Бялоў.

    Намеснік старшыні райвыканкама па эканамічных пытаннях Уладзімір Грыгаран таксама запэўніў, што не мае дачынення да адмовы аб распаўсюдзе “Ганцавіцкага часу”.

    Галоўны рэдактар газеты Пётр Гузаеўскі адзначае, што з першага нумара і да цяперашняга часу рэдакцыйная палітыка выдання не змянілася.

    “Мы пішам для чытачоў, якія плоцяць сваімі грашыма за тое, што “Ганцавіцкі час” асвятляе жыццё так, як ёсць на самой справе, уздымае праблемы і дае права выказацца ўсім бакам, нават калі гэта пазіцыя не падабаецца рэдакцыі”, — падкрэслівае Гузаеўскі.

    Паводле яго слоў, сітуацыя з забаронай на продаж паказвае бездапаможнасць тых, хто наўмысна хоча нашкодзіць незалежнай газеце і прымушае выпісваць выданні, якія людзей не цікавяць.

    — Цяпер вельмі цяжкі час для друкаваных СМІ, барацьба ідзе за кожнага чытача, інакш газеты проста не выжывуць, — кажа галоўны рэдактар “Ганцавіцкага часу”. —Таму мы звярнуліся да чытачоў, якія раней набывалі газету ў крамах райспажыўсаюза, з заклікам аформіць падпіску на наша выданне. Пакуль рэдакцыя бачыць, што газета патрэбна, інакш да нас не звярталіся б людзі са сваімі праблемамі і радасцямі.

    Дарэчы, старшыня Ганцавіцкага райвыканкама Уладзімір Бялоў неаднаразова запэўніваў, што гатовы садзейнічаць любому суб’екту гаспадарання, які працуе ў раёне. Але вось што тычыцца выдаўца газеты “Ганцавіцкі час” — прыватнага прадпрыемства “Медыя-Ганцавічы”, такой падтрымкі няма.

    — Мы і не просім дапамогі, а хочам, каб былі роўныя ўмовы для ўсіх, пра якія кажуць і прэзідэнт, і ўрад, — гаворыць Пётр Гузаеўскі. — Каб не было такога: вось вам Дэкрэт № 7, развівайцеся, а мясцовыя ўлады ігнаруюць і па-ранейшаму ствараюць перашкоджы недзяржаўнаму выданню.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці