Журналіста Івана Галунова адправілі пад хатні арышт
Нікулінскі суд Масквы абраў меру стрыманьня для журналіста Медузы Івана Галунова, затрыманага 6 чэрвеня. Яго адправілі пад хатні арышт да 7 жніўня. Суд таксама забараніў Галунову карыстацца сродкамі сувязі і мець зносіны з іншымі фігурантамі справы.
На думку сьледзтва, Галуноў можа схавацца ад сьледзтва — ён не жыве па месцы рэгістрацыі, таксама ў яго ёсьць замежны пашпарт. Пракурор прасіў арыштаваць Галунова на 2 месяцы.
Да вынясеньня прысуду, падчас пратакольнай здымкі, Галуноў падзякаваў усім за падтрымку. «Ня думаў, што буду прысутнічаць на сваёй сьмерці», — сказаў ён.
«Я ніколі ў жыцьці не ўжываў наркотыкаў», — сказаў Галуноў на пасяджэньні суду. «Пра тое, што справа тычыцца наркотыкаў, я даведаўся толькі з таблічкі ў кабінэце оперупаўнаважанага», — дадаў Галуноў.
Паводле яго слоў, крымінальны перасьлед зьвязаны з расьсьледаваньнямі ў галіне пахавальнай індустрыі. «Гэта з прычыны пахавальнага бізнэсу. Мне паступалі пагрозы», — заявіў ён.
Журналісту прад’явілі абвінавачаньне ў замаху на збыт наркотыкаў у буйным памеры. Кіраўнік Міжнароднай праваабарончай групы «Агора» Павел Чыкаў апублікаваў тэкст пастановы аб прыцягненьні Галунова ў якасьці абвінавачанага. У пастанове гаворыцца, што Галуноў купіў два скруткі з 3,56 гр мэфэдрона і тры скрутка з 5,42 гр какаіну. Паводле вэрсіі паліцэйскіх, какаін журналіст захоўваў дома, а мэфэдрон насіў з сабой у заплечніку, каб потым прадаць. З гэтымі скруткамі, сьцьвярджаюць паліцыянты, яго і затрымалі днём 6 чэрвеня.
Адпаведны артыкул Крымінальнага кодэксу Расеі прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 20 гадоў.
Перад будынкам суду сабраўся натоўп людзей. Яны скандавалі «Свабоду!» і «Сёньня галуноў, заўтра мы».