Сябры ГА “БАЖ” адзначаныя ўзнагародамі падчас “Грамадскага пікніка” ў Брэсце
Імпрэза ладзілася паводле ініцыятывы Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч”, як магчымасць ўганараваць тых, хто спрыяе развіццю грамадзянскай супольнасці на Брэстчыне.
Цягам месяца арганізатары прэміі прымалі рэкамендацыі па намінаванні актывістаў, праектаў і ініцыятыў у 14 намінацыях. Увогуле ўдзел у намінаванні прыняла больш за 70 чалавек.
У выніку ў намінацыі “Прамоцыя” прэміі атрымалі рэдакцыя “Брестской газеты” і супрацоўнікі анлайн-часопіса “Бінокль” — за рэгулярнае і шматбаковае асвятленне дзейнасці грамадскіх арганізацый і ініцыятыў Брэста.
Асобна была адзначана праца аўтараў праекта “Дыялекты”, сябраў ГА “БАЖ” Інны Хоміч і Максіма Хлябца, якія перамаглі ў намінацыі “Медыяпраект” — за распрацоўку і стварэнне мапы дыялектаў.
Сам “Грамадскі пікнік” задумваўся арганізатарамі не толькі як нагода ўшанаваць вартыя гэтага ініцыятывы, але і як нефармальная пляцоўка для абмеркавання новых ідэй, якія могуць зрабіць Брэст і Брэсцкую вобласць прываблівымі і ўнікальнымі.