На помнік Алесю Ліпаю сабралі палову сродкаў. Далучыцца да збору можа кожны
На ўсталяванне помніка журналісту і паэту Алесю Ліпаю сабралі палову неабходных сродкаў. Пра гэта Беларускай асацыяцыі журналістаў паведаміў ініцыятар збору Андрэй Аляксандраў.
— Я вельмі ўдзячны ўсім, хто далучыўся да збору. На дадзены момант сабрана ўжо 53% ад неабходнай сумы. Засталіся яшчэ 25 дзён на збор. Мы спадзяемся, што людзі падцягнуцца і грошы на помнік будуць сабраныя, — расказаў Аляксандраў.
Да першай гадавіны смерці Алеся Ліпая родныя, калегі і сябры ўсталююць помнік на яго магіле ў мястэчку Рудзенск пад Мінскам. Над помнікам ужо працуе беларускі скульптар Вадзім Мацкевіч.
Алесь Ліпай. Паэт. Журналіст. Рэдактар. Выдавец. Патрыёт. Ён быў першым карэспандэнтам «Радыё Свабода» ў Беларусі. А ў 1991 годзе заснаваў першую незалежную інфармацыйную агенцыю Беларусі — БелаПАН. Алесь заўчасна памёр 23 жніўня 2018 года.