• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Мы павінны дзякаваць Шуневічу». У Мінску прэзентавалі «Дневники сотрудника НКВД» ФОТА

    У офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў адбылася прэзентацыя кнігі, якую прысутныя спецыялісты назвалі гістарычным дакументам.

    Штуршком да публікацыі дзённікаў стала выступленне Шуневіча

    Кніга заснавана на рукапісах былога супрацоўніка НКУС Іосіфа Ятчэні, які спачатку папрацаваў чэкістам, а затым стаў «ворагам народа». Рэдактар і ўкладальнік выдання, журналіст «Салідарнасцi» Анастасія Зелянкова распавяла, што з унукам аўтара дзённікаў, які многія дзесяцігоддзі захоўваў рукапісы, пазнаёмілася праз Face­book.

    Уладзімір Ятчэня па сямейных абставінах не змог прыехаць на прэзентацыю, а звярнуўся з Івацэвічаў па відэасувязі. Ён распавёў, што доўгі час у яго былі сумневы, ці будуць цікавыя людзям дзённікі яго дзеда. Штуршком да іх публікацыі паслужыла з’яўленне былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча на свяце 9 мая ў форме НКУС.

    Уладзімір Ятчэня c выдадзенымі дзённікамі яго дзеда. Фота dw.com

    Уладзімір Ятчэня напісаў журналістцы, паколькі быў сталым чытачом «Салідарнасці» і яму падабаліся яе публікацыі. Так Анастасія Зелянкова ўзялася за працу над кнігай «Дзённікі супрацоўніка НКУС», у рамках якой ёй сярод іншага прыйшлося прабівацца ў архіў КДБ.

    «Лукашэнка першым пабяжыць ставіць крыжы ў Курапатах»

    — Напэўна, прагучыць дзіўна, але за выхад гэтай кнігі мы павінны дзякаваць экс-міністру МУС Ігару Шуневічу, — адзначыла на прэзентацыі Анастасія Зелянкова. — Вядома, з аднаго боку, тое, што сёння ўлада дэманструе ў дачыненні да дадзенай тэмы, палохае. Рэстараны на касцях, выказванні пра Курапаты, знос крыжоў — усё гэта жудасна і невытлумачальна. Але, з другога, з‑за такіх дзеянняў людзі больш зацікавіліся тэмай рэпрэсій, якая нейкі час таму сышла на задні план, стаўшы прэрагатывай гісторыкаў. Улады ўзнялі хвалю — і грамадства ўскіпела.

    Скажу больш. Улады здольныя чуць голас грамадства. Але толькі ў тым выпадку, калі гэты голас гучыць гучна. Я думаю, многія заўважаюць, як хутка нашы ўлады мяняюць свае погляды, калі бачаць абурэнне большасці. І я нават не сумняваюся, што як толькі вялікая частка грамадства (менавіта грамадства, а не палітыкаў) гучна заявіць пра сваю пазіцыю па пытанні сталінскага тэрору, Лукашэнка першым пабяжыць ставіць крыжы ў Курапатах і апынецца самым непрымірымым барацьбітом са сталінізмам.

    «Тэма НКВД апынулася беларусам цікавей, чым тэма сэксу»

    Сродкі на выданні кнігі збіраліся праз краудфандинговую пляцоўку «Вулей». Журналістка, якая выпусціла год таму кнігу «В постели с белорусом: из истории национального секса», распавяла, што была здзіўленая тым, што план па зборы быў перавыкананы ў некалькі разоў.

    — Тэма НКВД апынулася беларусам цікавей, чым тэма сэксу,  — пажартавала Анастасія Зелянкова.

    Выхад кнігі прафінансаваў і медыцынскі цэнтр «ЛАДЭ», чый дырэктар Уладзімір Гарбачоў палічыў неабходным дапамагчы ў выданні рукапісаў.

    — Вельмі ганарымся, што і наш уклад ёсць у гэтай кнізе. Калі дырэктар даведаўся, што можна праспансаваць, сказаў — мы зробім гэта, нават не абмяркоўваецца, — падзялілася на прэзентацыі прадстаўнік медцэнтра Віялета Сілакова. —У дактароў і пісьменнікаў ёсць сёе-тое агульнае: лекар лечыць цела, а кніга — душу.

    Анастасія Зелянкова асабліва падзякавала гісторыкам Уладзіміру Багданаву і Дзмітрыю Дразду, якія дапамаглі праверыць дакладнасць пазначаных у дзённіках фактаў.

    — Гэта кніга — яшчэ адзін цаглінка ў процівагу рамантызацыі сталінізму, — адзначыў Уладзімір Багданаў.

    Гісторык Уладзімір Багданаў

    Дзмітрый Дрозд звярнуў увагу на ўнікальнасць праекта: выдадзена шмат расповядаў ахвяраў рэпрэсій, але мемуараў людзей, якія былі па абодва бакі, налічваюцца адзінкі.

    Гісторык Дзмітрый Дрозд

    Гісторык Ігар Кузняцоў

     

    — Трэба будзіць сумленне чалавечае пастаянна, — у сваю чаргу, падсумаваў выступ гісторык Анатоль Тарас.

    «Дзённікі супрацоўніка НКУС: дакументальнае выкрыццё сталінізму» можна знайсці ў «Акадэмкнізе» і іншых кнігарнях.

    Журналісткі «Салідарнасці» Анастасія Зелянкова і Алена Якжык

    Фота: Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці