Гародня — яна мая: у пошуках жаночага твару горада
Жаночы твар Гародні — які ён? HrodnaMediaRoom разам з гарадзенцамі шукалі адказ на гэта пытанне падчас экскурсіі, прысвечанай гарадзенкам, якія жылі ў горадзе ў розныя часы і эпохі і тым ці іншым чынам уплывалі на яго гісторыю.
З Гародняй звязаныя імёны выбітных жанчын. Узгадаем некаторых з іх.
Каралева польская і вялікая княгіня літоўская Бона Сфорца. Міланская прынцэса, другая жонка Жыгiмонта Старога, адна з найвядомейшых жанчын, што змянялі і стваралі Гародню. У нейкім сэнсе яна перавярнула светапогляд кіруючых элітаў Вялікага княства Літоўскага, калі прыўнесла сюды італьянскую манеру жыцця.
Каралева Бона атрымала горад у занядбаным стане і зрабіла Гародню такой, якой мы яе сёння ведаем. Яна дала гораду водаправод, правяла шматлікія рэформы, клапацілася пра ратушны гадзіннік і гарадскі брук. Яна дала гораду герб — мяркуецца, што гэта быў менавіта герб з аленем Святога Губерта, якiм горад карыстаецца цяпер.
Важным унёскам Боны ў развіццё Гародні сталі пабудаваныя па яе жаданні драўляны замак у раёне Гарадніцы і касцёл Святога Духа з кляштаром. Гэты комплекс выконваў ролю гарадскога прытулка і лякарні для жабракоў.
Саламея Дэшнер, актрыса драмы і оперы, стваральніца першага прафесійнага тэатра ў Гародні. Напрыканцы XVIII стагоддзя стала першым, кажучы сучаснай мовай, прадзюсарам тэатра. Яна была сапраўдным чалавекам свайго часу, выратавала гарадзенскі тэатр і стала важнай персонай у развіцці беларускага тэатра агулам.
Тэафілія Бароўская (Юзафовіч), таленавітая скрыпачка, якую называлі “Паганіні ў спадніцы”. У сямігадовым узросце яна ўжо давала першыя публічныя канцэрты, а ў 13 — скарыла Пецярбург.
Марыя Гажыч (сястра Паўла ў манастве), адна з найлепшых партрэтыстак, майстра пейзажу ў тагачасный Польшчы. Марыя Гажыч была вельмі папулярнай польска-беларускай мастачкай з 80‑х гг. ХІХ ст. і да пачатку ХХ ст., вучылася ў Варшаве і Парыжы, удзельнічала ў выставах у Амерыцы.
Пасля смерці мужа мастачка прыняла манаства. У Гародню яна прыехала манахіняй-назарэцянкай і стала першай абатысай Брыгіцкага кляштара. Адкрыла школу для дзяўчат, пачала пісаць абразы, якія і сёння захоўваюцца ў Брыгіцкім касцёле Гродна.
Марыя Гажыч пакінула след у рэлігійным і грамадскім жыцці горада. Жывапісныя творы мастачкі цяпер захоўваюцца ў музеях, прыватных калекцыях і касцёлах Беларусі, Польшчы, ЗША, Нямеччыны, Італіі.
Беларуская пісьменніца і грамадская дзеячка Зоська Верас, якая менавіта праз Гародню далучылася да беларускіх спраў, займалася батанікай. «Паважаны наш батанічны бог» — так да яе ў ліставаннях звяртаўся беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч.
Данута Бічэль-Загнетава, паэтка, культурная дзеячка, заснавальніца музея Багдановіча, сапраўдная жывая легенда Гародні. Актыўная дзеячка гарадзенскага беларускага Адраджэння другой паловы 1980‑х і пачатку 1990‑х гадоў.
Зоф’я Налкоўская, адна з самых знакамітых польскіх пісьменніц першай паловы ХХ стагоддзя, публіцыстка, драматург. Двойчы была замужам, другі яе муж быў паплечнікам Пілсудскага, з якім і яна добра кантактавала.
У Гародні, акрамя літаратурнай дзейнасці, яна апекавалася вязнямі, большасць з якіх у той час былі беларусамі і камуністамі, змагалася за тое, каб палепшыць іх жыццё ў гарадзенскай турме. Змагалася за правы жанчын.
Эліза Ажэшка (Альжбэта Паўлоўская). Менавіта з яе іменем многія асацыююць Гародню.
Эліза Ажэшка падымала ў горадзе адукацыю, стварала вясковыя школкі, дапамагала адбудоўваць горад пасля вялікага пажару 1885 года. Дзякуючы шматлікім дабрачынным балам, якія яна ладзіла, і зборам сродкаў на іх, Гародня паўстала з попелу.
Эліза ратавала паўстанцаў Каліноўскага, у маёнтку мужа хавала аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гадоў Рамуальда Траўгута, хоць муж і быў супраць.
У сваіх творах пісала пра шляхту, беларускіх сялян, мужнасць і жаночае раўнапраўе.
Памерла Эліза Ажэшка ў Гародні. Гараджане ўслалі брукаванку перад яе жытлом саломай і сенам, каб вазы, што праязджалі міма, не турбавалі яе сваім шумам у апошнія дні жыцця. На яе пахаванне прыйшло каля 15 тысяч чалавек. Імша была ў Фарным касцёле, і тады адбыўся пакуль адзіны выпадак у гісторыі Гародні, калі ў каталіцкі касцёл зайшоў іудзейскі равін. Ён, як і ўсе гараджане, вельмі любіў Ажэшку і не мог не ўшанаваць яе.
Зразумела, што гэтыя імёны — далёка не ўвесь спіс жанчын, якія жылі ў гэтым горадзе, захоўвалі і стваралі яго.
“Важна, калі мы кажам пра жанчын мінулага, думаць тымі катэгорыямі, якія былі ў тыя часы. Бо зараз іншы час, іншы свет, іншыя мы, — расказвае гісторык Сяргей Герман, які праводзіў экскурсію. — Маё перакананне, што менавіта дзякуючы жанчынам, нашым прабабулям і бабулям, наша краіна змагла адрадзіцца. Бо ў іх перамаглі не этнічнасць, а агульначалавечыя вартасці. І калі глядзець на здымкі людзей, якія адбудоўвалі нашу краіну, асабліва пасля вайны, гэта скрозь жаночыя твары”.
Дык які ён — жаночы твар Гародні? Насамрэч ён будзе такім, якім мы самі яго зробім.
“Пра шмат гарадзенак яшчэ пакуль не напісана, але жаночы вобраз Гародні — той, што мы самі напішам, намалюем, прыдумаем. Канешне, гэты вобраз пакуль не прадстаўлены належным чынам, шмат чаго яшчэ не даследавана і не вывучана, але з часам гэта павінна прыйсці. Гэта пытанне да таго, якія мы ёсць самі, які стан сённяшняй Беларусі”, — кажа Сяргей Герман.
Шпацыр па жаночай Гародні стаў працягам праекту Pro Women — фотавыставы, якая знаёміць з сучаснымі гарадзенкамі — жанчынамі, якія ламаюць гендарныя стэрэатыпы і дасягаюць поспеху ў асабістым жыцці і прафесійных сферах.