• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сайт “Рогачёв-Online” не абавязаны публікаваць абвяржэнне інфармацыі пра Леаніда Судаленку

    Суд Рагачоўскага раёна 18 кастрычніка не задаволіў пазоў гомельскага праваабаронцы, сябра ГА “БАЖ” Леаніда Судаленкі да  рэдактара Дзяніса Дашкевіча аб абвяржэнні інфармацыі, распаўсюджанай у жніўні на сайце “Рогачёв-Online”, а таксама ў Facebook, на старонках  “ВКонтакте” і “Одноклассники”.

    “Гэта лішні раз пацвярджае, што і такія невялікія інтэрнэт-рэсурсы, як у Рагачове, удзельнічаюць у кампаніі па дыскрэдытацыі мяне як праваабаронцы і прадстаўніка незалежных ад улады грамадскіх аб’яднанняў”, — сказаў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Леанід Судаленка.

    Нагадаем, 20 жніўня на сайце “Рогачёв-Online” Дзяніс Дашкевіч перадрукаваў з іншага малавядомага рэсурса публікацыю пад назвай “Новы скандал у апазіцыі: не могуць падзяліць грошы”.

    Сцвярджалася: “Інцыдэнт з крадзяжом сяброўскіх складак прававым інспектарам РЭП Леанідам Судаленкам выліўся ў зацяжны канфлікт інтарэсаў у “Палескай крэпасці” і нават выйшаў на рэспубліканскі ўзровень”, “…гомельскі аматар судзіцца, пакрыўдзіўшыся на параўнанне з французкім кантрацэптывам, разгарнуў падпольную дзейнасць для пазбаўлення Віктара Казлова пасады абласнога кіраўніка прафсаюза”, “пераемнікам на гэтай пасадзе Леанід у катэгарычнай форме бачыць толькі свайго супольніка ў праваабарончай дзейнасці Эндру Стрыжака”, “працягнуў на пасаду абласнога лідара ПЦ “Вясна”… Стрыжака, выправіўшы на “пенсіён” Анатоля Паплаўнага”, “настойліва-ультыматыўна дабівае Фядыніча”.

    У судзе Судаленка называў публікацыю не іначай, як пасквіль, і прасіў прызнаць не адпавядаючымі рэчаіснасці пяць вышэйзгаданых пасажаў, якія прыніжаюць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю, а таксама абавязаць Дашкевіча кампенсаваць судовыя выдаткі — 76,5 рублёў за сплачаную дзяржаўную пошліну.

    Адказчык Дашкевіч заявіў каля дзясятка сведкаў з ліку кіраўнікоў незалежнага прафсаюза РЭП і незарэгістраванага праваабарончага цэнтра “Вясна”, ён сцвярджаў у сваіх публікацыях, што суд у Рагачове стане “нюрнбергскім працэсам” над “верхавінай” беларускай апазіцыі”.

    З заяўленых адказчыкам сведкаў у суд прыехалі двое — гамельчукі Андрэй Стрыжак і Анатоль Паплаўны. Нядаўні кіраўнік, а цяпер дарадца старшыні незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч як сведка быў дапытаны з Мінска праз відэасувязь. Аднак ніводзін з іх не спраўдзіў прыведзеных у публікакцыі высноў. У прыватнасці, Фядыніч патлумачыў суду, што сцвярджаць ці адмаўляць нейкую прапажу альбо нямэтавае выкарыстанне складак можна пасля праверкі рэвізійнай камісіяй дзейнасці Гомельскай гарадской арганізацыі РЭП, якая будзе праводзіцца ўвесну ў 2020 годзе перад справаздачна-выбарчай канферэнцыяй.

    Нейкіх дакументальных пацвярджэнняў ці аўдыёзапісаў распаўсюджанай інфармацыі Дзяніс Дашкевіч не прывёў. Распавядаў толькі, што раней сам працаваў у апазіцыі і ведае, што прафсаюзныя складкі нямэтава выкарыстоўваліся на розныя палітычныя кампаніі. Згадваў, што ён асабіста выдаваў на іх інфармацыйны бюлетэнь “Рагачоўскія ведамасці”.  

    У спрэчках Дзяніс Дашкевіч гаварыў ужо толькі пра нямэтавае выкарыстанне грошай, у прыватнасці, на патрэбы кампаній “Грамадзянскі кантроль” і “Права выбару”.  

    Суддзя Ірына Малашкевіч, якая разглядала пазоў, са здзіўленнем запыталася ў Дашкевіча: “Дзеля чаго вы пра гэта гаворыце? У вас ёсць доказы, што сам Судаленка грошы нямэтава выкарыстоўваў?”    

    “Няма. Гэта не пра Судаленку”, — адказаў Дашкевіч.

    Ён неаднаразова акцэнтаваў увагу, што не з’яўляецца аўтарам артыкула.  Па стану здароўя 14 жніўня наогул фізічна не мог рабіць ніякіх матэрыялаў —  не працавала правая рука, праходзіў рэабілітацыю пасля інсульта.

    “Максімум, што я мог, —  дадаў Дзяніс Дашкевіч у судзе, — гэта зрабіць рэпост. Я згодны са зместам згаданага артыкула. Рэпост яго ў “Рогачёв-Online” і ў сацыяльных сетках  мной быў зроблены 20 жніўня, праз шэсць дзён пасля таго, як гэты артыкул з’явіўся на іншым сайце. Судаленка прызнаўся, што наведвае тую супольнасць, якая з’яўляецца першакрыніцай спрэчнага матэрыяла. З гэтага вынікае, што пазоўца бачыў артыкул да таго, як ён з’явіўся на сайце “Рогачёв-Online”. Але першакрыніцу  ён не аспрэчваў”.

    Звяртаў увагу Дашкевіч і яшчэ на адну акалічнасць: літаральна два месяцы таму Судаленка абараняў жыхара Рагачова ад адказнасці за рэпост у Face­book, а зараз “хоча засудзіць Дашкевіча”.

    Па  логіцы адказчыка, Судаленка мог бы ў рэдакцыю сайта патэлефанаваць або звязацца непасрэдна з ім у Face­book, паколькі яны ў сябрах, і патрабаваць выдаліць абразлівую публікацыю. Такога кроку таксама не было — праваабаронца адразу звярнуўся ў суд.

    “Такім чынам ён піярыць сябе”, нечакана заявіў Дашкевіч.

    І ў чарговы раз паўтарыў: “Калі б мэта была прыбраць артыкул з нашага сайта, то Судаленка мне б патэлефанаваў”.

    Адказчык у гэты час стрыміў судовы працэс на сваю старонку ў “Одноклассниках”, і Леанід Судаленка звярнуўся наўпрост да гледачоў:

    “Не верце гэтаму чалавеку — ён не кажа ніводнага праўдзівага слова. Упэўнены, што гэта будзе выразана. Тым не менш, я гэта раблю. Ён у судзе працягвае нахабна падманваць. Я нікога не хачу засудзіць. Я прыйшоў у суд, каб абараніць свае гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю”.

    Рашэнне суда з матывіровачнай часткай на поўную адмову ў задавальненні пазову да сайта “Рогачёв-Online” і Дашкевіча як да фізічнай асобы Судаленка пакуль не атрымаў.

    Службе маніторынгу ГА “БАЖ” ён паведаміў, што абавязкова аспрэчыць гэтае рашэнне ў Гомельскім абласным судзе.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці