• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Мінінфарм адказаў на прапанову фінансаваць канал Nexta

    На сайце Petitions.by зьявіўся афіцыйны адказ на зварот з просьбай аб дзяржаўным фінансаваньні Telegram-каналу блогера Nexta.

    На думку аўтараў пэтыцыі, у Беларусі цяпер існуюць прыкметы манаполіі ў сфэры сродкаў масавай інфармацыі, а таксама «даволі жорсткая цэнзура ў дзяржаўных і недзяржаўных СМІ». У пэтыцыі сьцьвярджаецца, што дзяржаўныя СМІ «не спраўляюцца з ускладзенай на іх задачай своечасовага і аб’ектыўнага інфармаваньня», нягледзячы на вельмі значнае фінансаваньне зь дзяржаўнага бюджэту.

    У сувязі з гэтым у пэтыцыі прапанавалі даць незалежнаму Telegram-каналу Nex­ta пастаянную фінансавую падтрымку, а Белтэлерадыёкампаніі зьменшыць фінансаваньне на 10 тысяч рублёў на год.

    Першы намесьнік міністра інфармацыі Павал Лёгкі не пагадзіўся з прапановай. У афіцыйным адказе на пэтыцыю ён тлумачыць:

    • у звароце не прыведзена фактаў манаполіі або цэнзуры, таму гэтае пытаньне немагчыма разгледзець па сутнасьці;

    • Мінінфарм ня мае права ўмешвацца ў прафэсійную самастойнасьць СМІ, а ў пытаньнях якасьці прадукцыі СМІ належыць зьвяртацца ў іхныя рэдакцыі;

    • канал Nex­ta не зарэгістраваны ў Беларусі як СМІ, таму ягонае фінансаваньне «ёсьць пытаньнем непасрэдна ўладальніка гэтата рэсурсу»;

    • БТ падпарадкоўваецца наўпрост Аляксандру Лукашэнку, таму Мінінфарм не адказны за пераразьмеркаваньне яго фінансаваньня.

    У дзяржаўным бюджэце Беларусі на 2019 год на Белтэлерадыёкампанію выдаткавана 106 мільёнаў рублёў (яшчэ 7 млн на міждзяржаўную тэлекампанію «Мір» і 1,5 млн на «Сталічную тэлевізію»).

     

    Што за Nexta

    Telegram-канал Nex­ta, заснаваны 21-гадовым блогерам Сьцяпанам Сьвятловым, — гэта самы чытаны Telegram-канал Беларусі. Піша пра палітыку, эканоміку і сацыяльныя праблемы ў краіне. Найбольш вядомы публікацыяй «зьліваў» зьвестак дзяржаўных органаў і ўстановаў. На момант публікацыі на яго падпісана 167 тысяч карыстальнікаў. Яшчэ 272 тысячы карыстальнікаў падпісаны на аднайменны Youtube-канал, дзе блогер выдае рэгулярныя дайджэсты навінаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці