• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Брэсцкі журналіст даведаўся, што яго аштрафавалі, праз 4 месяцы пасля суда

    Журналіст-фрылансер з Брэста, сябра ГА “БАЖ” Яўген Скрабец атрымаў паведамленне ад судовага выканаўцы пра нясплочаны штраф — пра які журналіст нават не здагадваўся.

    Як высветлілася, яшчэ 7 чэрвеня суддзя Маскоўскага раёна Брэста Раман Карабан пакараў Яўгена Скрабца штрафам у памеры 40 базавых велічынь (1020 рублёў) на падставе ч. 2 арт. 22.9 КаАП  за тое, што ён “фактычна выконваў працу журналіста замежнага сродку масавай інфармацыі, не маючы акрэдытацыі”.

    Нагодай для складання адміністрацыйнага пратакола ў дачыненні да журналіста і далейшага судовага пакарання стала інфармацыйная нататка на сайце “Радыё Рацыя” пра затрыманне і суд над адным з праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода каля Брэста. Гэтая падзея адбылася яшчэ 8 красавіка.  

    “Пра тое, што мне прызначылі гэты штраф, я даведаўся толькі зараз ад судовага выканаўцы, бо ніякай позвы не атрымліваў і складзенага міліцыяй пратакола пра нібыта здзейсненае правапарушэнне не бачыў, — распавёў карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ” Яўген Скрабец. — Тым не менш, у судовым рашэнні гаворыцца, што я быў належным чынам праінфармаваны пра разгляд гэтай справы”.  

    Больш таго, паводле слоў судовага выканаўцы, за нясплочаны штраф ужо з’явілася пеня, і неўзабаве ў брэсцкага фрылансера могуць апісаць маёмасць.

    У 2018 годзе Яўген Скрабец быў тройчы аштрафаваны за працу на замежны СМІ без акрэдытацыі і пакараны агулам на 65 базавых велічынь (1 592,5 рублі), а сёлета ў красавіку ён быў двойчы пакараны штрафам паводле артыкула 22.9 КаАП  — кожны раз на 30 базавых велічынь (765 рублёў).

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці