21 лістапада журналіста-фрылансера з Глыбокага Змітра Лупача выклікалі ў Глыбоцкі раённы аддзел міліцыі
Як паведаміў Зміцер Лупач службе маніторынгу ГА “БАЖ”, спачатку яму патэлефанаваў і запрасіў на сустрэчу усё той жа міліцыянт Сяргей Цырбан, які звычайна выклікае журналістаў у Глыбоцкі РАУС і які нядаўна атрымаў ужо званне маёра. Але журналіст адказаў, што пойдзе, калі дашлюць позву, і заўважыў, што ў яго цяпер няма пашпарта. Але Цырбан адказаў, што і так яго ведае, то бок прапусцяць журналіста ў будынак міліцыі і без дакумента.
У райаддзеле Сяргей Цырбан уручыў Лупачу адразу дзве позвы: адну на сёння з патрабаваннем явіцца ў Глыбоцкі РАУС, а другую — уВіцебскі аддзел унутраных спраў на 26 лістапада. Прэтэнзіі да журналіста тычацца супрацы з тэлеканалам “Белсат”. Гэтым разам уладам не спадабаўся відэасюжэт “Вяскоўцам надакучыла хамства чыноўнікаў — і вось што яны зрабілі”, які быў паказаны на “Белсаце”.
Зміцер Лупач троліць сістэму: аплачвае штраф па адным рублі і фатаграфуецца на фоне квітанцый
Нагадаем, сёлета ў незалежнага журналіста Змітра Лупача гэта чацвёрты выклік у міліцыю.Ён ужо атрымаў тры штрафы паводле адміністрацыйнага артыкула 22.9 за супрацу з тэлеканалам “Белсат”. Агулам сума штрафаў склала 2805 беларускіх рублёў.
У 2018 годзе на падставе артыкула 22.9 КаАП (за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) незалежны журналіст прыцягваўся да адказнасці шэсць разоў.