• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Слаўгарадская раёнка без дазволу скарыстала ў рэкламе фота ветэрана

    Дзяржаўная раённая газета “Прысожскі край” размясціла на сваім сайце абвестку з заклікам падпісацца на выданне. Асноўную частку нататкі займаў вялікі фотаздымак ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Фелікса Шкірманкова з газетай “Прысожскі край” у руках. Адпаведная абвестка с фотаздымкам ветэрана была апублікаваная і ў папяровай версіі выдання.

    Фотадымак ветэрана прабыў на сайце некалькі дзён, а пасля знік.  Здымак знялі на наступны дзень пасля таго, як на партале “Магілёўскі рэгіён” з’явіўся артыкул “У Слаўгарадзе мясцовая раёнка заклікае падпісацца на газету з дапамогай фота сябра Партыі БНФ”. Артыкул насіў інфармацыйны характар і коратка распавядаў пра заслужанага ўраджэнца горада Слаўгарада, пісьменніка, ветэрана Фелікса Уладзіміравіча Шкірманкова.

    Зараз на сайце газеты “Прысожскі край” у нататцы размешчаны толькі тэкст без усялякіх фотаздымкаў.

    Сам Фелікс Шкірманкоў у гутарцы з карэспандэнтам “Радыё Свабода” адзначыў, што не супраць, каб слаўгарадская раёнка публікавала фотаздымкі з ім, паколькі шмат гадоў піша для яе. Разам з тым прызнаецца, што здзівіўся, пабачыўшы сваё фота ў тэксце з заклікам падпісвацца на газету, бо яго не інфармавалі пра гэта.

    Рэдактар “Прысожскага краю” Уладзімір Рыжанкоў адзначае, што фотаздымак Шкірманкова насіў ілюстрацыйны характар і злога намеру ў тым, што яго прыбралі з сайта, няма. Змясціўшы фота, выданне хацела надаць імпульс падпісной кампаніі, кажа ён.

    “Ніякай палітыкі тут няма. Фотаздымкі Фелікса Уладзіміравіча мы неаднойчы ставілі з розных нагод. Гэта паважаны і аўтарытэтны чалавек. Тое, што ён сябра БНФ — ягоная асабістая справа. Сваіх поглядаў ён нікому не навязвае”, — паведаміў Уладзімір Рыжанкоў “Радыё Свабода”.

    З тлумачэнняў рэдактара засталося незразумелым, чаму ўсё ж такі прыбралі фотаздымак з сайта. Падпісная кампанія на 2020 год працягваецца, і “імпульс падпісной кампаніі” па-ранейшаму надаваць трэба.

    Шмат хто з жыхароў Магілёўшчыны  і мясцовых незалежных журналістаў мяркуе, што раённая газета “Прысожскі край” проста спужалася згадкі пра тое, што Фелікс Шкірманкоў з’яўляецца даўнім сябрам Партыі БНФ і Руху БНФ “Адраджэнне”.

    Газета “Прысожскі край” выходзіць на беларускай і рускай мовах. Заснавальнікам выдання з’яўляецца Слаўгарадскі райвыканкам. Фелікс Шкірманкоў з’яўляецца даўнім пазаштатным аўтарам газеты.

    Фелікс Уладзіміравіч нарадзіўся 27 траўня 1926 года ў Прапойску, сённяшнім Слаўгарадзе. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, з ліпеня 1941 г. актыўна ўдзельнічаў у партызанскім руху. Пасля закачэння ваенна-інжынернай вучэльні ў званні малодшага лейтэнанта накіраваны на 4‑ы Украінскі фронт камандзірам сапёрнага ўзводу. Вайну скончыў пад Прагай. Падчас вайны чатыры разы быў паранены, узнагароджаны ордэнам Чырвонага сцяга, двума ордэнамі Айчыннай вайны першай ступені, медалямі “За адвагу”, “Партызану Айчыннай вайны” першай ступені, “За Перамогу над Германіяй”. Пасля вайны служыў у органах дзяржбяспекі, працаваў у геолагаразведцы на Далёкім Усходзе, быў старшынём Слаўгарадскага савета дэпутатаў.

    Фелікс Шкірманкоў друкаваўся ў часопісах “Полымя” і “Нёман”, штотыднёвіку “ЛіМ”, крычаўскай незалежнай газеце “Вольны горад”. Выдаў каля трыццаці кніг вершаў і прозы. З’яўляеца сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў. Фелікс Уладзіміравіч з’яўляеца добрым сябрам магілёўскіх і крычаўскіх БАЖаўцаў.

    У 2019 годзе Фелікс Уладзіміравіч Шкірманкоў узнагароджаны медалём да 100-годдзя БНР на знак прызнання яго заслуг у нацыянальным дэмакратычным руху.

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці