• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Віцебск: яшчэ два штрафы за сюжэт для “Белсата”

    Суд Віцебскага раёна 12 снежня аштрафаваў журналістаў-фрылансераў Алену Шабуню і Змітра Лупача амаль на 2 тысячы рублёў паводле артыкула 22.9 КаАП. Суддзя Ганна Ігнаценка прызнала журналістаў вінаватымі ў парушэнні заканадаўства аб СМІ  — за супрацу з замежным медыя без акрэдытацыі ў беларускім міністэрстве замежных спраў.

    Паводле рашэння суда, Зміцер Лупач мусіць сплаціць у дзяржказну штраф у памеры 42 базавых велічынь, Алена Шабуня — 32 базавыя велічыні.

    Алена Шабуня і Змицер Лупач

    Справа пра выбары і дарогу для вяскоўцаў

    16 лістапада на тэлеканале “Белсат”  быў паказаны відэасюжэт пра жыхароў вёскі Шэвіна, якія адмовіліся ісці на мінулыя парламенцкія выбары з‑за даўняй і нявырашанай праблемы. Пратэст вяскоўцаў быў звязаны з тым, што ніводзін дэпутат не дапамог сталым ужо людзям дамагчыся маленькай саступкі — дазволу на праход па тэрыторыі санаторыя “Лётцы”. Раней яны хадзілі па дарозе ўздоўж плота ў суседнія Малыя Лётцы, дзе ёсць крама, аптэка, пошта і чыгуначная станцыя. Цяпер праход закрылі, і вяскоўцам даводзіцца дабірацца па дарозе, якая на тры кіламетры даўжэй.  

    Увага журналістаў была вельмі дарэчы, сказала на судзе старэйшына вёскі Антаніна Зайцава:

    — Мы куды толькі не звярталіся — і ў віцебскія газеты, і на АНТ, і ў праграму “Времечко”. Карэспандэнты прыязджалі, здымалі, запісвалі, але ніводзін сюжэт пра наша гора так і не выйшаў. Адзінае выключэнне — “Белсат”, і то над людзьмі, якія хацелі нам дапамагчы, зладзілі судзілішча!

    Алена Шабуня: “Суддзя паводзіла сябе скрайне зняважліва”

    Працэс над журналістамі вяла суддзя Ганна Ігнаценка. На думку Алены Шабуні, паводзіны суддзі былі абуральныя:

    — Суддзя не задаволіла ніводнага хадайніцтва, у тым ліку на ўдзел у працэсе сябра  ГА “БАЖ”, праваабаронцы Паўла Левінава. Яна не давала гаварыць, перабівала, рабіла недарэчныя заўвагі, пагражала. А калі я папрасіла зрабіць перапынак і пайшла да старшыні суда, каб падаць на яе скаргу, суддзя ўжо была там і пра нешта раілася. Верагодна, і рашэнне пра тое, як нас пакараць, яна не прымала самастойна.

    Журналістка пяць разоў заяўляла адвод суду, і штораз суддзя канстатавала, што для гэтага няма падставаў. Паводзіны суддзі Ганны Ігнаценка абурылі і журналістаў, якія прыйшлі асвятляць працэ. А Паўла Левінава яна ўрэшце рэшт выдаліла з залы суда, бо ён неаднаразова звяртаў увагу на памылкі падчас разгляду адміністрацыйнай справы.

    Зміцер Лупач: “Хоць суд і знаходзіцца на вуліцы Праўды, але праўды ў ім няма”

    Алену Шабуню паводле арт. 22.9 КаАП сёлета судзілі другі раз, а для Змітра Лупача працэс у Віцебску стаў ужо чацвёртым. І самым працяглым, кажа журналіст:

    — Самы кароткі суд у мяне працягваўся 23 хвіліны, а гэты ажно чатыры гадзіны. Суддзя блыталася ва ўласных словах, зацягнула знаёмства з пісьмовымі дакументамі, і адзінае, што было добра — гэта поўны прагляд праграмы “Аб’ектыў”, дзе быў наш сюжэт. Паўгадзіны ўсе глядзелі навіны, прычым было відаць, што гэта цікава і самой суддзі. Але канчатковы вынік быў прадказальны: два штрафы. Мне большы, як “рэцыдывісту”, Алене на 10 базавых меншы.

    Зміцер Лупач адзначае  і яшчэ адну асаблівасць. Пэўна, таму, што сюжэт тычыўся выбараў, адміністрацыйную справу супраць журналістаў распачалі і скончылі ў рэкордна кароткі тэрмін. Сюжэт выйшаў 16 лістапада, а ўжо назаўтра міліцыянты пачалі шукаць сведак. Не прайшло і месяца, як было абвешчана судовае рашэнне.

    Павел Левінаў: “Пастанову будзем абскарджваць”

    На думку праваабаронцы Паўла Левінава, якога выдалілі з пасяджэння, суддзя прадэманстравала не толькі прававую непісьменнасць, але і слабае веданне працэсуальнага заканадаўства, таму зрабіла шмат памылак падчас пасяджэння.

    Павел Левінаў

    Што да вынікаў, то Павел Левінаў гатовы дапамагчы ў абскарджванні пастановы:

     — Алена Шабуня і Зміцер Лупач рэалізоўвалі сваё права на свабоду выказвання ўласнага меркавання, і за рэалізацыю гэтага права іх караюць. Пра якую прававую дзяржаву тады можна казаць? Скарга будзе пададзена ў Віцебскі абласны суд, а калі гэты орган не верне сітуацыю ў прававое поле, то журналісты  будуць вымушаныя звярнуцца ў вышэйшыя інстанцыі, аж да  Камітэта ААН па правах чалавека.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці