Мастак Аляксей Кузьміч правёў акцыю «Радзіма-BDSM» і прышпіліў да цела значок БРСМ
Акцыя мастака Аляксея Кузьміча "Радзіма-BDSM" — гэта разважанне пра хібнасць любых ідэалагічных поглядаў у іх крайніх праявах, праз узвядзенне ідэі ў культ, дзе жыццю адведзена другасная роля.
Акцыя прымеркаваная да ўступлення ў сілу зменаў у законе "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму".
Падчас акцыі Аляксей Кузьміч спаліў сваю інсталяцыю «540», якую ён выстаўляў у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў восенню 2019 года, потым завязаў вочы, спаліў сваю вопратку і прышпіліў да скуры значок БРСМ.
Акцыя мастака прымеркаваная да ўступлення ў сілу з 1 лютага 2020 года зменаў у законе Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму». Аляксей Кузьміч мяркуе, што пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам адбываецца прыгнёт грамадзянскіх свабод і магчымасцяў выказваць меркаванні, адрозныя ад афіцыйнай лініі, немагчымасць крытычнага выказвання, апраўданне любых рэпрэсій, забарона на стварэнне нацыянальных арганізацый і прыгнёт актыўнай грамадскай дзейнасці.
З улікам зменаў у законе Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» цяпер крымінальная адказнасць прадугледжаная за наўмысную публічную рэабілітацыю нацызму.
З 1 лютага 2020 года наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму будуць карацца штрафам, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да 5 гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.
Тыя ж дзеянні, звязаныя з гвалтам ці здзейсненыя службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, будуць карацца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў.
Калі ж такія дзеянні здзейсненыя групай асоб або пацягнулі па неасцярожнасці смерць чалавека або іншыя цяжкія наступствы, то пакаранне будзе яшчэ больш суровым: пазбаўленне волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў.
Олег Агеев: поправки в законы по борьбе с пропагандой нацизма и экстремизма повлияют на свободу высказывания
Змены ўнесеныя і ў КаАП: прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць за прапаганду, публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюд, захоўванне i набыццё з мэтай распаўсюду сімволікі або атрыбутыкі экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацый, а таксама за захоўванне і набыццё з мэтай распаўсюду нацысцкай сімволікі. Адначасова ўведзеная адказнасць за такія правапарушэнні, учыненыя паўторна на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання.
Мастак Аляксей Кузьміч 3 кастрычніка 2019 года зладзіў акцыю пратэсту супраць цэнзуры: ён прыйшоў голым на ўласную выставу, а геніталіі прыкрыў шыльдай Міністэрства культуры. Гэта быў пратэст супраць цэнзуры ў мастацтве. Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў (НЦСМ) арганізаваў выставу «Прысутнасць». Мастака Аляксея Кузьміча запрасілі прадставіць інсталяцыю «540» пра перавернуты свет постпраўды. Кузьміч пацікавіўся ў арганізатараў, ці будуць цэнзураваць працы. У адказ яго папрасілі не «выстаўляць эрэгіраваныя члены, бо выставу курыруе Міністэрства культуры». Па выніку інсталяцыю Кузьміча адцэнзуравалі.
Мастак Аляксей Кузьміч: Беларус пакутуе ад самацэнзуры больш, чым ад цэнзуры звонку
Фота: Марыя Папова