• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Шчырыя спачуванні сям’і Дашкевічаў. Мы смуткуем разам з вамі

    У Беларусі памёр першы пацыент, у якога прызналі дыягназ COVID-19 — Віктар Дашкевіч, акцёр віцебскага Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. 

    У студзені Віктару Дашкевічу споўнілася 75 гадоў. З 1973 да 1990 года ён служыў у Коласаўскім тэатры, з 1981 па 1990 і з 1991 па 2007 год быў загадчыкам трупы. На сцэне выканаў дзясяткі роляў. Заслужаны артыст Беларусі (2016), быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2010), ганаровымі граматамі Кабінета міністраў (1996), Нацыянальнага сходу Беларусі (2006) і іншымі ўзнагародамі.

    Да шпіталізацыі ён ужо меў хранічную абструктыўную хваробу лёгкіх.

    Віктара Дашкевіча і яго жонку Святлану  21 сакавіка шпіталізавалі з дыягназам “пнеўманія”. Праз некалькі дзён жонку выпісалі, загадаўшы 14 дзён знаходзіцца на хатнім каранціне. Тым часам Віктару Дашкевічу стала горш, яго паклалі ў рэанімацыю, падлучылі да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Паводле дачкі Вікторыі, лекары ў рэанімацыі рабілі ўсё магчымае, каб уратаваць яе бацьку, але хвароба перамагла.

    У сям’і Дашкевічаў дзве дачкі, малодшая Ганна жыве ў Санкт-Пецярбургу, і з гэтай прычыны невядома, ці зможа яна трапіць на пахаванне бацькі.

    У тэатры пацвярджаюць, што Віктар і Святлана (яна таксама працуе ў віцебскім тэатры імя Якуба Коласа)  — не адзіныя, хто хварэў гэтымі днямі. На бальнічных былі 11 чалавек з рознымі дыягназамі: ад пнеўманіі да вострых рэспіраторных захворванняў. Сваю работу ўстанова культуры не спыняе: учора было абвешчана, што адмененыя два апошнія спектаклі месяца, але працягваюцца рэпетыцыі.

    Паводле традыцыі, у апошні шлях акцёраў праводзяць воплескамі, а труну на некалькі гадзін ставяць на сцэну. Як будзе праходзіць развітанне з Віктарам Дашкевічам і пахаванне, яшчэ невядома.

    Віктар Дашкевіч — тата віцебскай журналісткі, сябры ГА «БАЖ» Вікторыі Дашкевіч.

    ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» выказвае шчырыя спачуванні спадарыні Вікторыі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці