Журналістка Ларыса Шчыракова звярнулася у пракуратуру: ля яе дома дзяжурыць міліцыя
Журналістка-фрылансер, сябра ГА "БАЖ" Ларыса Шчыракова з Гомеля звярнулася з заявай у пракуратуру. Яна хоча высветліць, на якой падставе і з якой нагоды міліцыя дэманстратыўна дзяжурыць каля яе прыватнага дома.
Міліцэйскі аўтамабіль журналістка заўважыла і сфатаграфавала ў нядзелю 7 чэрвеня, калі збіралася ехаць у цэнтр горада, каб стрыміць збор подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты.
Яшчэ адзін аўтамабіль патруляваў завулкі, да якіх прымыкае агарод сядзібы Шчыраковай.
Калі журналістцы ўсё ж удалося незаўважна выйсці з дому, міліцыянты хадзілі па суседзях і пыталіся, кудой Ларыса магла пакінуць сядзібу.
Шчыракова мяркуе, што «дзяжураць» міліцыянты дзеля таго, каб хоць з якой надуманай нагоды затрымаць і не даць магчымасці весці стрым са збору подпісаў, асабліва на спадарожнікавы тэлеканал «Белсат». Выбарцы зараз, падпісваючыся за альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзідэнцкія выбары, не шкадуюць крытыкі на адрас цяперашняй улады і асабіста Аляксандра Лукашэнкі.
«Стрымы «Белсата» маюць па 100 тысяч праглядаў. Шмат хто іх каментуе, завязваюцца дыскусіі. Уладам гэта, відаць, не да спадобы. З таго і нервуюцца, імкнуцца не дапусціць, каб з перадвыбарчых пікетаў не вяліся прафесійныя здымкі», — сказала карэспандэнту службы маніторынгу ГА «БАЖ» Ларыса Шчыракова.