• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Велізарныя штрафы — Шчыраковай і Меркісу

    У Цэнтральным судзе Гомеля 18 чэрвеня пакаралі адміністрацыйнымі штрафамі за відэастрымы для тэлеканала "Белсат" двух журналістаў-фрылансераў, сябраў ГА "БАЖ" Яўгена Меркіса і Ларысу Шчыракову.

    Агульная сума штрафаў склала 2 160 рублёў.

    Яўген Меркіс

    Адміністрацыйны пратакол, складзены міліцыяй у дачыненні Яўгена Меркіса паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП разглядаў суддзя Віктар Казачок. Ён адхіліў амаль дзясятак хадайніцтваў журналіста: на відэазапіс працэсу, бясплатнага адваката, удзел у судзе абаронцы ад ГА «БАЖ», дапрацоўку пратакола, выклік у суд у якасці сведкі міліцыянта, які складаў пратакол.

    Адхілена ў тым ліку і хадайніцтва перанесці разгляд справы да таго моманту, пакуль беларуская дзяржава не прывядзе ў адпаведнасць нацыянальнае заканадаўства з міжнароднымі пагадненнямі аб праве грамадзян на збор і распаўсюд інфармацыі. (Таго патрабуе Камітэт ААН па правах чалавека ў адмысловым рашэнні ад 12 снежня 2019 года па скарзе іншага гомельскага журналіста-фрылансера.)

    У судзе Яўген Меркіс сваёй віны не прызнаў. Патлумачыў, што не з’яўляецца штатным карэспандэнтам польскага спадарожнікавага тэлеканала «Белсат», не мае з ім на тое працоўнай дамовы. Журналіст не адмаўляў, што 7 чэрвеня сапраўды вёў стрым  каля ўнівермага «Гомель», дзе ладзіліся пікеты па збору подпісаў за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта.

    «Стрым з пікета можа праводзіць кожны чалавек, нават вы, калі будзе вольны час», — звярнуўся Меркіс да суддзі.

    Ён зазначыў таксама, што не вырабляў прадукцыі СМІ, як пазначана ў міліцэйскім пратаколе. Бо не мантаваў відэа, не ставіў яго на сайт «Белсата».

    «А чаму вы кажаце ў эфіры: «Тэлеканал «Белсат» вітае вас?», — пытаўся суддзя пасля прагляду фрагментаў стрыма абвінавачанага фрылансера.

    «Так прасцей. Не буду ж я ў жывым эфіры тлумачыць, што я вось такі, журналіст-фрылансер», — адказаў Яўген.

    Агучыўшы дакументы справы, суддзя Казачок, не выходзячы ў дарадчы пакой, пастанавіў аштрафаваць Яўгена Меркіса на 35 базавых велічынь, што адпавядае 945 рублям.

    «Улады працягваюць ціснуць на незалежных журналістаў, якія ва ўмовах засілля дзяржаўных СМІ і афіцыйнай прапаганды спрабуюць распавядаць людзям пра тое, што робіцца апошнім часам у Беларусі. Канешне, гэта звязана з выбарамі, улады напалоханыя пратэстнымі настроямі.  Нягледзячы на ціск, я і, мяркую, усе іншыя незалежныя журналісты, будуць працягваць прафесійна рабіць сваю справу — усебакова інфармаваць людзей пра падзеі не толькі ў сталіцы, але і ў абласных цэнтрах, малых гарадах і паселішчах», — зазначыў у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА «БАЖ» Яўген Меркіс.

    Ларыса Шчыракова

    Літаральна праз 15 хвілін пасля агучанай пастановы на штраф у дачыненні Меркіса, у іншай зале таго ж суда Цэнтральнага раёна пачаўся адміністрацыйны працэс журналісткі-фрылансера Ларысы Шчыраковай.

    Сама Шчыракова ў судзе не прысутнічала. Напісала заяву, што не можа з’явіцца ў суд, бо знаходзіцца цяпер на самаізаляцыі з прычыны неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі — пандэміі каранавіруса. 

    Суддзя Сяргей Кармановіч аб’явіў, што з міліцыі на Шчыракову паступілі тры адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя на падставе ч. 2 арт. 22.9 КаАП за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для тэлеканала «Белсат».

    7 траўня журналістка асвятляла на плошчы Леніна ў Гомелі пікет салідарнасці з арыштаваным Сяргеем Ціханоўскім, а 28 і 31 траўня вяла стрымы з пікетаў па збору подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты.

    Суддзя аб’яднаў тры пратаколы ў адну справу і пастанавіў аштрафаваць Ларысу Шчыракову на 45 базавых велічынь, альбо на 1215 рублёў.

    На пасяджэнні прысутнічаў назіральнік БХК Віктар Адзіночанка.

    «Дзяржава стварыла глебу для такіх уяўных парушэнняў. Паглядзіце, той жа «Белсат» не раз падаваў заяўкі ў Міністэрства замежных спраў на акрэдытацыю і атрымліваў адмову. Цяпер на падставе адсутнасці акрэдытацыі жорстка штрафуюць журналістаў-фрылансераў. З іншага боку, дзяржаўныя СМІ, тая ж гарадская газета «Гомельскія ведамасці», не заўважаюць шматлюдныя пікеты па збору подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта. Іх нібыта няма. Але ж гараджане ўсё бачаць, ім вочы не завяжаш», — кажа назіральнік Адзіночанка.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці