• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Суд у Брэсце пакараў журналіста “Першага Рэгёна” штрафам на 810 BYN

    Пазаштатны карэспандэнт інтэрнэт-партала 1reg.by Даніл Палянскі быў прызнаны вінаватым паводле артыкула 23.34 КаАП РБ (“Парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў”). Амаль двое сутак да суда Даніл Палянскі правёў у ізалятары часовага ўтрымання.

    Увечары 14 ліпеня Даніл Палянскі знаходзіўся на рагу вуліцы Савецкай і праспекта Машэрава ў Брэсце, дзе ў гэты час адбывалася стыхійная акцыя пратэсту з нагоды нерэгістрацыі некаторых кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі.

    Калі Даніл Палянскі рабіў фотаздымкі, да яго падыйшлі супрацоўнікі міліцыі  і сказалі прайсці ў службовы аўтамабіль (аўтазак). Палянскі меў пры сабе пасведчанне пазаштатнага журналіста і адразу патлумачыў, што не ўдзельнічае ў акцыі, а толькі фатаграфуе тое, што адбываецца.

    Нягледзячы на гэта, Палянскага затрымалі і адвезлі ў Ленінскі РАУС Брэста. Спадзяванне, што ён будзе вызвалены праз некалькі гадзін пасля разбіральніцтва, не спраўдзілася. Праз некаторы час сувязь з карэспандэнтам была страчана.

    Раніцай 15 ліпеня высветлілася, што ноч журналіст правёў у ізаляторы часовага ўтрымання ў Брэсце.

    Увесь дзень 15 ліпеня калегі Палянскага чакалі суда над ім у Брэсце, а жонка некалькі разоў тэлефанавала ў Ленінскі РАУС, дзе ёй адказвалі, што з мужам усё нармальна, “пытанне вырашаецца, але затрыманых шмат”. Пры гэтым у дзяжурнай частцы РАУС адмаўляліся паведаміць, дзе знаходзіцца Даніл Палянскі.

    У выніку суд над карэспандэнтам “Першага Рэгёна” пачаўся толькі пасля абеду 16 ліпеня. Даніл Палянскі не прызнаў сябе вінаватым і зноў тлумачыў, што займаўся сваёй прафесійнай дзейнасцю — фатаграфаваў падзеі ў Брэсце і адразу дасылаў здымкі ў рэдакцыю. Пры гэтым ён знаходзіўся ў баку ад людзей, што стварылі ланцуг на праспекце.

    Супрацоўнік міліцыі, які выступіў у якасці сведкі, не змог патлумачыць, у якой вопратцы быў Палянскі і ці была на ім маска. Затое сведка распавёў, што карэспандэнт падчас затрымання выказваў “незадаволенасць дзеючай уладай”.

    У выніку суддзя Андрэй Грушко пакараў журналіста штрафам у памеры 30 базавых велічынь (810 BYN). Даніл Палянскі паведаміў пра намер абскардзіць гэтае рашэнне.

    На думку рэдактара «Першага Рэгіёна» Паўла Дайліда, цяпер ідзе беспрэцэдэнтны ціск на свабодную прэсу. Ён нагадаў, як 20 чэрвеня былі брутальна, з прымяненнем сілы затрыманыя калегі ў ГанцавічахСяргей Багроў і Аляксандр Пазняк, якія вялі анлайн-трансляцыю з акцыі ў сваім горадзе.

    “Пасля падзей у Ганцавічах рэдакцыя «Першага Рэгіёна» прыняла рашэнне, што журналісты мусяць вытрымліваць вялікую дыстанцыю ад удзельнікаў пратэсту, каб не правакаваць праваахоўнікаў”, — кажа Павел Дайлід.

    Рэдактар упэўнены, што менавіта такім чынам дзейнічаў у Брэсце Даніл Палянскі: знаходзіўся ў баку і перадаваў інфармацыю, не замінаючы супрацоўнікам міліцыі. “Але карэспандэнта ўсё роўна зрабілі ўдзельнікам акцыі, і інакш як палітычны заказ мы расцэньваць гэта не можам”, — заявіў Павел Дайлід.

    Ён таксама адзначыў, што ціск на супрацоўнікаў сайта “Першы Рэгіён” адбываецца і ў іншых гарадах. Так, у Драгічыне ў мясцовы РАУС быў выкліканы карэспандэнт Сяргей Гардзіевіч, з якім кіраўніцтва міліцыі спрабавала правесці “прафілактычную” гутарку на палітычную тэму.

    “Тым не менш, «Першы Рэгіён» у любых умовах будзе працаваць у межах дзеючага заканадаўства і знаёміць людзей з актуальнай інфармацыяй нават на тэмы, якія камусьці не падабаюцца”, — запэўніў рэдактар сайта.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці