Гомельскія журналісты распачалі анлайн-флэшмоб супраць пераследу, арыштаў і штрафаў
У Гомелі стартаваў анлайн-флэшмоб салідарнасці з рэпрэсаванымі журналістамі. Яго ініцыятарам стала сябра ГА "БАЖ" Ларыса Шчыракова. У сацыяльнай сетцы Facebook Шчыракова прапанавала распавядаць пра журналістаў Гомельшчыны, якія пацярпелі ў выніку пераследу за прафесійную дзейнасць падчас сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў і асвятлення паслявыбарчых маршаў пратэсту супраць фальсіфікацыі іх вынікаў.
На ілюстраванай старонцы ў Facebook расказваецца пра трэці арышт сябра ГА «БАЖ» Яўгена Меркіса, які зараз адбывае пакаранне ў ізалятары часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама нібыта за ўдзел ў недазволеным маршы, хоць насамрэч ён асвятляў гэты марш. Міліцыянты прэвентыўна затрымалі Яўгена 14 верасня, а 17-га на выяздным пасяджэнні ў Навабеліцкім РАУСе суд пакараў арыштам на 15 сутак.
Дзесяцісуткавы арышт адбывае ў ІЧУ і незалежная журналістка-фрылансер, сябра ГА «БАЖ» Марына Драбышэўская. Яе таксама пакаралі паводле артыкула 23.34 КаАП нібыта за ўдзел у несанкцыянавай вулічнай акцыі.
Пасля 5‑суткавага арышту нядаўна выйшаў на волю відэааператар, сябра ГА «БАЖ» Андрэй Толчын, таксама абвінавачаны ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
У райцэнтры Акцябрскі на падставе міліцэйскага пратакола ў жніўні быў арыштаваны на 15 сутак нібыта за дробнае хуліганства і перашкоду дзейнасці ўчастковай выбарчай камісіі блогер, сябра ГА «БАЖ» Андрэй Павук. Андрэй здымаў пасяджэнне выбарчай камісіі, на якім яго жонку, незалежную назіральніцу на ўчастку ў Гацкай базавай школе, меліся пазбавіць акрэдытацыі.
Саму ініцыятарку анлайн-флэшмобу Ларысу Шчыракову двойчы прэвентыўна кідалі ў ізалятар, нягледзячы на тое, што яна выхоўвае непаўнагадовага сына, а пасля штрафавалі на буйныя сумы. Апроч таго, міліцыянты Гомельскага РАУС перыядычна цікавалі ля дома журналісткі, каб яна не змагла патрапіць на масавыя акцыі супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў над мірнымі дэманстрантамі.
Міліцэйскую аблогу перажывалі 8 і 9 жніўня сябры ГА «БАЖ», муж і жонка Сяргей Ляпін і Марыя Ляпіна-Булавінская. 6 верасня яны знялі ў Гомелі чарговы пратэстны марш супраць фальсікацыі вынікаў выбараў, пра што расказалі ў відэароліку «Атмасфера на гомельскім маршы Адзінства» і змясцілі яго на Facebook у пабліку «Флагшток». У Чыгуначным РАУСе супраць Ляпіных склалі адміністрацыйны пратакол — зноў-такі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, і цяпер Сяргей і Марыя чакаюць выкліку ў суд.
Агляд матэрыялаў па Гомельскай вобласці чытайце ТУТ