Зварот беларускіх навукоўцаў і людзей творчых прафесій да міжнароднай супольнасці
Усяго пад зваротам сабрана 356 подпісаў. У тым ліку яго падтрымала ганаровы сябра ГА "БАЖ", Нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч.
Мы звяртаемся да ўсіх цывілізаваных краін, для якіх чалавечае жыццё і годнасць з’яўляюцца бясспрэчнымі каштоўнасцямі, што ляжаць у падмурках сацыяльнага жыцця. Вы на ўласным досведзе ведаеце, што менавіта гэтыя падставовыя каштоўнасці дазваляюць вашым грамадствам развівацца. На прызнанні гэтых каштоўнасцяў будуецца палітычнае жыццё ў вашых краінах, якім бы супярэчлівым і канфліктным яно ні было. Прынцыпы справядлівасці і вяршэнства закону таксама абапіраюцца на прызнанне безумоўнай каштоўнасці чалавечага жыцця і годнасці.
Беларусь — еўрапейская краіна, народ якой сёння адкрыта і самааддана выступіў за абарону жыцця і годнасці грамадзян супраць аўтарытарнага рэжыму, які паказаў усяму свету, што ён гатовы адстойваць сваю ўладу ў краіне любой цаной. Наш пратэст накіраваны супраць палітычнага ладу, пры якім дапушчальныя беззаконныя пераследы, збіццё, катаванні і фізічнае знішчэнне нявінных людзей. Дзеючая ўлада, на чале з Аляксандрам Лукашэнкам, сёння паслядоўна рэалізуе менавіта такую палітыку, дэманстратыўна ігнаруючы як нормы беларускай Канстытуцыі, так і міжнародныя пагадненні, якія датычацца выканання правоў чалавека.
У гэтай сітуацыі мы звяртаемся да вас як да нашых аднадумцаў і просім аказаць дзейсную падтрымку беларускаму народу, якая дапаможа нам аднавіць у краіне законнасць дзеля забеспячэння бяспекі для ўсіх грамадзян і дзеля цывілізаванага будучыні для нашай краіны. Каб гэта стала магчымым, нам неабходна сумеснымі намаганнямі дамагчыся таго, каб:
• у краіне быў спынены гвалт,
• былі выпушчаныя ўсе палітвязні,
• былі праведзены новыя выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Мы ўпэўненыя, беларускае грамадства гатова самастойна вырашаць будучыню сваёй краіны і спадзяемся на ваша садзейнічанне ў ініцыяванні перамоўнага працэсу паміж Каардынацыйнай радай і з прадстаўнікамі дзейнай улады. Толькі мірныя перамовы змогуць вярнуць краіну ў рэчышча законнасці і прыхільнасці гуманістычным каштоўнасцям.