«Любыя СМІ маюць права выказваць свой пункт гледжання». Мінінфарм не пакарае БТ за фэйк пра мітынг у Жлобіне
21 жніўня ў «Панараме» на БТ-1 паказалі груба змантаваны сюжэт з мітынгу ў Жлобіне. У ім людзі нібыта крычалі «Сыходзь!» Марыі Калеснікавай. Насамрэч натоўп скандаваў «Лукашэнка, сыходзь!». А ваенны камісар Андрэй Крываносаў з мегафонам спрабаваў сарваць выступ.
Некалькі гледачоў накіравалі зварот у Мінінфарм з гэтай нагоды. Паскардзіліся, што БТ прадставіла лжывы зманціраваны ролік і папрасілі вынесці тэлеканалу афіцыйнае папярэджанне.
Адказ на гэты зварот аказаўся ў распараджэнні «Нашай Нівы». Вось што ў ім напісана:
«На думку рэдакцыі тэлепраграмы «Беларусь 1», ва ўказаным вамі відэароліку мужчына з мегафонам у руках і людзі, якія стаяць побач, крычаць «Сыходзь!» у адрас тых, хто парушае норму КаАП (маецца на ўвазе артыкул 23.34 аб правядзенні масавых мерапрыемстваў. — «НН»).
Паведамляем, што любы сродак масавай інфармацыі мае права выказваць свой пункт гледжання па канкрэтнай сітуацыі, выконваючы пры гэтым патрабаванне дзеючага заканадаўства».
Мінінфарм дадала, што не мае дакладнай інфармацыі пра тое, што насамрэч адбывалася падчас здымкі. І адмовілася прымаць меры рэагавання ў дачыненні да Белтэлерадыёкампаніі.