Мілана Харытонава: Першую ноч у ізалятары спала на падлозе
Журналістку Мілану Харытонаву вызвалілі з ізалятара. Яна правяла ў зняволенні 72 гадзіны.
Вызвалілі Мілану Харытонаву без пратакола, але з афіцыйным папярэджаннем.
Журналістаў Мілану Харытонаву і Алеся Ляўчука затрымалі падчас маршу пратэсту ў Брэсце 11 кастрычніка. У РУУСе Мілане стала кепска, ёй выклікалі «хуткую», аказалі дапамогу, але пакінулі ў ізалятары. Меркавалася, што на журналістку складуць пратакол паводле арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаванай масавай акцыі»).
— Хуткая прыехала, мне сказалі, што ў мяне гіпертанічны крыз, пагрозы жыцця няма — і зрабілі ўкол. Потым адправілі ў ІЧУ. Там нас было восем чалавек у шасцімеснай камеры. Мы з дзяўчынай спалі першую ноч на падлозе на чымсьці, што можна назваць матрацам, — распавяла Мілана TUT.BY.
Агулам па краіне 11 кастрычніка было затрымана больш за 40 журналістаў.