Журналістку Ларысу Шчыракову зноў пакаралі буйным штрафам
Суддзя Гомельскага раёна Вольга Фядосава 19 кастрычніка пакарала журналістку-фрылансера, сябра ГА "БАЖ" Ларысу Шчыракову за працу на тэлеканал "Белсат" без акрэдытацыі штрафам у памеры 810 рублёў (ч. 2 арт. 22.9 КаАП — незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).
Рапарт і пратакол у дачыненні журналісткі склаў участковы інспектар Цэнтральнага РАУС Гомеля Арцём Жаўняк.
Гэта было ўжо трэцяе судовае пасяджэнне з нагоды стрыму пратэстнага маршу супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў, які 30 жніўня журналістка рабіла на старонку Facebook тэлеканала «Белcат».
Раней міліцыянты Гомельскага і Цэнтральнага раёнаў, кожны паасобку, складалі адміністрацыйныя пратаколы і абвінавачвалі Шчыракову ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсці менавіта 30 жніўня (арт. 23.34 КаАП). Больш за тое, міліцыя прэвентыўна затрымлівала журналістку і адпраўляла ў ізалятар, а потым суды вярталі тыя пратаколы на дапрацоўку. І толькі зараз у Цэнтральным РАУСе вызначылі, чым насамрэч займалася Шчыракова на вышэйзгаданым шэсці.
— Я ўжо чацвёра сутак адбыла ў ізалятары паводле двух міліцэйскіх пратаколаў, якія зніклі ў невядомым напрамку. Лічу, што міліцыянты злоўжываюць службовымі паўнамоцтвамі. Яны мяне прэвентыўна садзяць у ізалятар на падставе артыкула 23.34, і толькі на трэці раз сцямілі, што я, аказваецца, на маршы ажыццяўляла журналісцкія функцыі, — эмацыйна адрэагавала на абвінавачанне Ларыса Шчыракова.
Узнікла нават невялікая палеміка. Суддзя Фядосава дапытвалася, ці лічыць сябе журналістка вінаватай паводле закона аб СМІ, які патрабуе акрэдытацыі ў беларускім МЗС для журналістаў замежных медыяў. Але і на гэтае пытанне Ларыса адказала адмоўна.
— Згодна беларускай Канстытуцыі і міжнародным пагадненням, якія Беларусь падпісала і абавязалася выконваць, грамадзянам гарантаванае права на збор і распаўсюд інфармацыі. Я проста рэалізоўваю гэта права. А ўсе іншыя падзаконныя акты, якія прымаюцца (у дадзеным выпадку неабходнасць атрымліваць акрэдытацыю) — гэта спроба абмежаваць доступ людзей да інфармацыі і маё права на яе збор і распаўсюд. Я не збіраюся выконваць тыя законы, якія пярэчаць Канстытуцыі і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які Беларусь падпісала, у прыватнасці, яго 19 артыкул, — дадала Шчыракова.
Суддзя палічыла, што віна Шчыраковай знайшла пацвярджэнне падчас судовага разбіральніцтва і наклала на яе адміністрацыйны штраф.
Гэта чацвёртае пакаранне журналістцы з моманту падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкіх выбараў і паслявыбарчых пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання. А ўсяго Ларысу Шчыракову на падставе міліцэйскіх пратаколаў за працу без акрэдытацыі каралі праз суды каля сарака разоў. Сёлета міліцыя перыядычна дзяжурыла каля яе дома, не даючы выехаць на асвятненне пратэстных акцый жыхароў рэгіёна.