Кіраўнікам Press Club Belarus прад’явілі абвінавачанне
Заснавальніцы Press Club Belarus Юліі Слуцкай прад'яўлена абвінавачанне — паводле часткі 2 артыкула 243 — ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры.
Дырэктару Сяргею Альшэўскаму прад'яўлена абвінавачванне паводле часткі 6 артыкула 16 (саўдзел у злачынстве) у здзяйсненні злачынства па частцы 2 артыкула 243, паведамляе БелаПАН са спасылкай на адваката Антона Гашынскага.
«Адвакаты заяўлялі хадайніцтва пра кампенсацыю страт роднымі. Але пакуль глуха», — напісала дачка Юліі Слуцкай Аляксандра ў Facebook..
Юлія Слуцкая застанецца пад вартай да 22 лютага.
Аляксандра расказала, што сёння да затрыманых па «справе Прэс-клуба» выклікалі адвакатаў. Але яны не могуць разгалошваць якую-небудзь інфармацыю пра справу. Дакладна вядома ад адваката толькі пра сітуацыю з Юліяй Слуцкай.
Аднак, калі сыходзіць з таго, што ніхто з‑пад варты не выйшаў, абвінавачванні прад’явілі і астатніям пяці асобам.
Праграмны дырэктар «Прэс-клуба» Ала Шарко застаецца пад вартай. Пра гэта паведаміў яе муж Мікола Шакель.
Кіраўніку Акадэміі Прэс-клуба, грамадзяніну Расіі Сяргею Якупаву, які быў затрыманы разам з іншымі супрацоўнікамі арганізацыі, не было прад’яўлена абвінавачванне. Сёння ён высланы ў Расію, паведаміў адвакат Антон Гашынскі.
«Адвакаты пад падпіскай (аб неразгалошванні). Таму больш нічога паведаміць не магу», — патлумачыў Шакель.
Нагадаем, 22 снежня ў офісе Прэс-клуба і ў жыллі супрацоўнікаў адбыліся ператрусы, а ў Нацыянальным аэрапорце затрымалі заснавальніцу Press Club Belarus Юлію Слуцкую, калі яна вярталася з адпачынку. У яе дома таксама адбыўся ператрус.
Спіс затрыманых:
Заснавальніца «Прэс-клуба» Юлія Слуцкая
Праграмны дырэктар «Прэс-клуба» Ала Шарко
Дырэктар «Прэс-клуба» Сяргей Альшэўскі
Супрацоўнік «Прэс-клуба» і сын Юліі Пётр Слуцкі
Былая журналістка «Белтэлерадыёкампаніі» Ксенія Луцкіна
Юлія Слуцкая — заснавальніца і старшыня Прэс-Клуба. У журналістыцы з 1994 года. Скончыла філасофскі факультэт БДУ, да таго, як прыйшла у медыясферу, працавала сацыёлагам. У 1995–2006 — галоўны рэдактар «Комсомольской правды» в Беларуси». У 2007–2010 — галоўны рэдактар «Еўрапейскага радыё для Беларусі», з 2011 г. — заснавальніца і дырэктар інфармацыйнага офіса ў Варшаве «Беларусь у фокусе».
Прэс-клуб Беларусь (Press Club Belarus) заснаваны ў 2011 годзе. У чэрвені 2014 года арганізацыя стала членам Міжнароднай асацыяцыі прэс-клубаў. У лістападзе 2015 года ў Беларусі зарэгістравалі культурна-адукацыйную ўстанова «Прэс-клуб Майстэрні журналістыкі».
Прэс-клуб арганізуе прафесійныя дыскусіі, майстар-класы для журналістаў, адукацыйныя праграмы, займаецца даследаваннем кантэнту беларускіх медыя, у тым ліку дзяржаўных.
Cовместное обращение медиаорганизаций по поводу задержания руководства Пресс-клуба Беларусь