Мінінфарм выдзеліў шмат грошай на даследаванне пра інфармацыйную вайну
Міністэрства інфармацыі Беларусі выдаткавала 40 тысяч рублёў на даследаванне пра барацьбу з "дэструктыўным кантэнтам". Навуковая работа па тэме "Распрацоўка навукова-практычных рэкамендацый і інструментаў эфектыўнага процідзеяння распаўсюджванню дэструктыўнага інфармацыйнага кантэнту ў сучасных умовах" была заказана ў жніўні 2020 года.
Які менавіта кантэнт чыноўнікі ацэньвалі як «дэструктыўны», у тэндарных дакументах не сказана. Але прадстаўнікі ўладаў неаднаразова выказваліся ў такім ключы пра кантэнт з тэлеграм-каналаў і незалежных СМІ. Аказваецца, процідзеянне яго распаўсюджванню — не толькі клапотная, але і прыбытковая справа. Для тых, хто праводзіў даследаванне.
Тэндар выйграў Белдзяржуніверсітэт. Як вынікае з тэхзадання, гэта была праца, хутчэй, не для журфака, а для факультэта філасофіі і сацыяльных навук. Сярод пастаўленых задач — параўнанне канцэпцый інфармацыйнага грамадства, апытанне экспертаў, аналіз выніковых выпускаў навін на тэлебачанні, правядзенне фокус-груп. Яшчэ пераможца тэндара павінен быў да канца снежня правесці «масавае апытанне насельніцтва» — не толькі па «праблемах функцыянавання інфармацыйнага поля», але таксама па «электаральных устаноўках і каштоўнасных арыентацыях».
Па завяршэнні абодвух этапаў даследавання навукоўцы павінны падрыхтаваць свае рэкамендацыі па больш якаснай рабоце «вядучых СМІ» — гэта значыць дзяржаўных медыя.
На жаль, пра вынікі даследавання нам — тым, за чые падаткі праводзілася закупка, — наўрад ці раскажуць. Асобным пунктам у падпісаным дагаворы ідзе канфідэнцыяльнасць.
Выдаткаваныя на даследаванне 40 тысяч рублёў — сума сярэдніх заробкаў сярэднестатыстычнага беларускага навукоўца за два гады. Калі ж лічыць па сферы адукацыі — то і зусім больш чым за тры.
Тады ж, у жніўні, Мінінфарм хацеў выдзеліць 30 тысяч рублёў і на выпрацоўку рэкамендацый для больш эфектыўнай работы рэгіянальных дзяржаўных СМІ. Але гэты тэндар прызнаны такім, які не адбыўся.