• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гродзенца аштрафавалі за распаўсюд незарэгістраванай газеты “Гродненское время”

    У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 1 лютага завершыўся адміністрацыйны працэс па справе гродзенца Юрыя Лакціёнава, абвінавачанага міліцыяй у распаўсюдзе незарэгістраванага выдання. У выніку суддзя Віталь Лабоцкі прызнаў Лакціёнава вінаватым і пакараў штрафам на 638 рублёў паводле ч .2 арт. 22.9 КаАП.

    Падставай для пераследу сталі два пачакі асобнікаў незарэгістраванай газеты “Гродненское время”, знойдзеныя сілавікамі ў багажніку аўтамабіля Лакціёнава падчас яго затрымання.

    Інцыдэнт з затрыманнем здарыўся ўдзень 2 снежня, калі Лакціёнаў ехаў дахаты на абед. Паводле яго слоў, па дарозе ўбачыў знаёмую і спыніўся, каб павітацца, — у гэты момант на яго накінуліся чатыры сілавікі ў цывільным, затрымалі з прымяненнем сілы, надзелі кайданкі. Пасля правялі агляд аўтамабіля, дзе і знайшлі асобнікі газеты. У пратаколе Лакціёнаў указваў, што збіраўся здаць іх у макулатуру.

    Пасля затрымання сілавікі правялі ператрусы ў яго на працы і дома, забралі некалькі ноўтбукаў, тэлефонаў і флэш-картак, таксама забралі на штрафстаянку аўтамабіль.

    У Кастрычнім РАУС, куды даставілі затрыманага Юрыя Лакціёнава, яму стала дрэнна (хварэе на цукровы дыябет). Мужчыну даставілі ў лякарню, там выявілася, што ён хворы на COVID-19.

    Лакціёнаў амаль месяц знаходзіўся на каранціне, а напрыканцы студзеня атрымаў праз Viber перароблены пратакол па сваёй справе. Пратакол складала супрацоўніца міліцыі Аляксандра Лугоўская, яна ж была выкліканая суддзёй на слуханне ў якасці сведкі .

    Згодна пастановы суддзі, Юрыю Лакціёнаву будуць вернутыя яго аўтамабіль і ноўтбукі, а тэлефоны і флэшкарткі застануцца ў міліцыі пакуль  ён не сплоціць 638 рублёў штрафу (22 базавыя велічыні).

    Мужчына лічыць сябе невінаватым і намеры абскарджваць рашэнне Кастрычніцкага райсуда пасля атрымання матывіровачнай часткі.

    “Лічу, што справа сшытая белымі ніткамі. Яны склалі новы пратакол, але на судзе я і мой адвакат указвалі на вялікую колькасцьміліцэйскіх памылак, з‑за якіх гэтую справу ўвогуле не трэба складаць. Але суддзя ўсё ж вырашыў пакараць мяне вялізным штрафам”, — зазначыў Юрый Лакціёнаў.

    “Гродненское время” — малатыражная газета, якую бясплатна раскідваюць па паштовых скрынках. Ад жніўня выйшла 16 нумароў выдання, якое інфармуе пра жыццё і пратэсты на Гродзеншчыне, у газеце змяшчаюць  артыкулы з партала Tut.by, “Радыё Свабода” ды іншых недзяржаўных СМІ.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці