• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэдактара Newgrodno.by будуць судзіць

    На 17 сакавіка ў судзе Ленінскага раёна Гродна запланаваны разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні рэдактара гродзенскага анлайн-выдання Newgrodno.by Ігара Рэмзіка (Бублікава). Журналіста абвінавачваюць у распаўсюдзе інфармацыі экстрэмістскага зместу.

    Фота: hrodna.life

    Паведамленне з датай і часам пачатку судовага працэсу Ігар Рэмзік атрымаў праз SMS. Журналіста абвінавачваюць у парушэнні ч. 2 арт. 17.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне альбо перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі).

    Судовае пасяджэнне мае адбыцца 17 сакавіка а 10.30 у будынку суда Ленінскага раёна Гродна (вул. Даватара, 2).

    У выпадку прызнання судом вінаватасці паводле арт. 17.11 КаАП РБ рэдакцыям (юрыдычным асобам) пагражае канфіскацыя тэхнікі і штраф да 500 базавых велічыняў (да 14 500 руб.), а фізічным асобам прымяненне санкцый ажно да адміністрацыйнага арышту.

    Нагадаем, што 29 студзеня 2021 г. двое супрацоўнікаў у цывільным з Ленінскага РАУС Гродна пры падтрымцы байцоў АМАП прыйшлі ў рэдакцыйнае памяшканне Newgrodno.by, каб “правесці агляд”. Ператрус доўжыўся прыблізна паўгадзіны, у выніку з працоўнага месца быў забраны сістэмны блок камп’ютара.

    Паводле Ігара Рэмзіка, пасля адабрання тэхнікі істотна пагоршыліся тэхнічныя ўмовы для стварэння інфармацыйных матэрыялаў і размяшчэння публікацый на сайце Newgrodno.by ў тым жа аб’ёме, які быў раней. Рэдакцыя вымушаная выкарыстоўваць аргтэхніку, якая па сваіх тэхнічных характарыстыках значна саступае забранай сілавікамі.

    Фармальнай прычынай для адміністрацыйнага пераследу стала публікацыя на партале Newgrodno.by ад 17 жніўня 2020 г. У гэтым матэрыяле была агрэгаваная інфармацыя з сайта дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА і размешчанае відэа з папулярнага Telegram-канала, які ўвосень 2020 г. быў прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім.

    Падобны “агляд памяшкання” 29 студзеня 2021 г. быў праведзены і ў рэдакцыі гродзенскага анлайн-выдання Hrodna.life. Там міліцыянты забралі ўсю аргтэхніку, флэш-носьбіты інфармацыі, чатыры фотаапараты, а таксама квадракоптар і друкаваную прадукцыю.

    Амаль праз тры тыдні пасля гэтага, 18 лютага, быў узламаны і захоплены невядомымі Telegram-канал выдання Newgrodno.by. Кантроль над каналам з больш за 13 тысячаў падпісчыкаў быў цалкам страчаны.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці