Журналіста-фрылансера Лупача аштрафавалі, хаця раней гэтую справу суд спыніў
870 рублёў — такі штраф прысудзіў Докшыцкі раённы суд журналісту-фрылансеру з Глыбокага Змітру Лупачу. Журналіста судзілі за супрацу з тэлеканалам “Белсат” без акрэдытацыі і абвінавацілі ў парушэнні закона аб СМІ. Судовы працэс вёў суддзя Вячаслаў Елісеенка.
Нагадаем, што 18 траўня суддзя Докшыцкага суда Дзяніс Корсак спыніў адміністрацыйную справу ў дачыненні журналіста за недаказанасцю віны. Але начальнік докшыцкай міліцыі Сяргей Каралевіч напісаў скаргу, а намесніца пракурора Надзея Міцько апрэтаставала гэтае рашэнне. Таму Віцебскі абласны суд накіраваў справу на новы разгляд у Докшыцкі суд да іншага суддзі.
Як сказалі прысутныя на судах дакшычане, суддзю Дзяніса Корсака лічаць сумленным чалавекам, які працуе па законе. Паводле іх слоў, ён гадаваўся ў шчырай і сумленнай сям’і, якую паважаюць у Докшыцах. Таму ён і вырас сумленным чалавекам. Дакшычане выказалі спадзеў, што і надалей ён застанецца такім.
На суд Змітра Лупача прыйшлі падтрымаць каля 10 чалавек, але, як сказалі дакшычане, магло б быць і больш, каб людзі не баяліся і іх не пераследавалі ўлады. Бо салідарнасць — гэта самае малое, што можа зрабіць зараз сапраўдны беларус.
Паводле Змітра Лупача, ён чакаў такога рашэння суда пасля пратэсту намесніцы пракурора. Але пастанову суда ён усё адно збіраецца апратэстоўваць, каб выканаць усе працэдуры. Як сказаў журналіст, нядаўна яму паведамілі, што прыйшоў ліст з Жэневы, у якім паведамляецца, што пяць яго скаргаў зарэгістраваныя ў Камітэце ААН па правах чалавека. Зміцер зазначыў, што ўсе працэдуры выконваць трэба, бо так званыя праваахоўнікі тады спасылаюцца на тое, што не пройдзеныя ўсе патрэбныя інстанцыі.
Нагадаем, у Змітра Лупача сёлета гэта быў ужо сёмы судовы працэс за прафесійную дзейнасць, не лічачы апеляцыйных судоў у Віцебску.