Сайт газеты «Новы Час» перастаў адкрывацца для карыстальнікаў у Беларусі і за яе межамі
Сайт газеты "Новы Час" novychas.by перастаў адкрывацца для карыстальнікаў у Беларусі і за яе межамі. Таксама пры адкрыцці старонкі медыя currenttime.tv паведамляецца, што доступ да яе абмежаваў Мінінфарм Беларусі.
Рэдакцыя запусціла «люстэрка» novychas.online.
Рэдакцыя выдання не атрымлівала якіх-кольвек папярэджанняў ці іншай інфармацыі пра тое, што сайт novychas.by нешта парушыў альбо нейкая інфармацыя ў ім была недакладнай.
Тыдзень таму вобшукі прайшлі ў рэдактараў «Новага Часу» Аксаны Колб і Сяргея Пульшы, у фатографа выдання Дзмітрыя Дзмітрыева.
«Новы Час» — беларуская агульнапалітычная штотыднёвая газета. Заснавана Мінскай гарадской арганізацыяй Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, спадкаемца газеты «Згода». Выдаецца з сакавіка 2002.
У лістападзе 2020 года падчас асвятлення пратэстаў у Беларусі былі затрыманыя фотакарэспандэнты газеты. Адну з іх — Яну Трусіла — затрымлівалася два разы і агулам яна была пакараная 28 суткамі адміністрацыйнага арышту. Фатографа выдання Дзмітрыя Дзмітрыева таксама неаднаразова затрымлівалі. 9 жніўня 2020 га яго затрымалі падчас працы на выбарчым участку з прымяненнем гвалту. Затым яго некалькі разоў затрымлівалі ў кастрычніку, а ў лістападзе пасля чарговага затрымання прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
5 жніўня 2021 года рана раніцай у дом Дзмітрыя прыйшла міліцыя. Фатографа забралі на допыт, у той жа дзень адбыўся суд. Дзмітрыева прысудзілі да 15 сутак адміністрацыйнага арышту за «супраціў супрацоўнікам міліцыі».
12 сакавіка 2021 года арыштавалі журналіста выдання Дзяніса Івашына. Дзяніс Івашын — аўтар цыклу артыкулаў-расследаванняў «Каго ці што абараняе «Беркут» у Беларусі».
Івашына абвінавачваюць па артыкуле 365 Крымінальнага кодэкса (ўмяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў). Журналіст прызнаны палітычным зняволеным.
14 студзеня 2021 года стала вядома, што «Белсаюздрук» разрывае дамову з рэдакцыяй аб распаўсюдзе яе выдання ў сваіх кіёсках з 1 лютага. З гэтага моманту газета распаўсюджвалася толькі па падпісцы. 7 чэрвеня «Белпошта» праінфармавала рэдакцыю, што газета выключаная з падпіснога каталога на другое паўгоддзе. Рэдакцыя самастойна рассылала газету падпісчыкам. Цяпер газета не выходзіць на паперы.
***
Таксама «Радыё Свабода» паведамляе, што пры адкрыцці старонкі currenttime.tv з Беларусі з’яўляецца надпіс, што доступ да яе абмежаваў Мінінфарм Беларусі. З іншых краін сайт адкрываецца без праблем. З Беларусі ён адкрываецца толькі праз правайдар МТС, але ня выключана, што і гэта часова.
Раней улады Расіі аднеслі «НВ» да спісу «замежных агентаў». Улады Беларусі сталі пераследаваць канал яшчэ раней, у прыватнасці, беларускі журналіст праекту Раман Васюковіч спачатку сутыкнуўся з ануляваннем сваёй акрэдытацыі, а затым вымушаны быў выехаць з Беларусі.
«Мне далі зразумець, што сочаць за маёй працай, за мной у цэлым, за мной як за карэспандэнтам «НВ«. Было відавочна, што калі не з’ехаць, то я мог бы апынуцца ў спісе тых журналістаў, хто трапіў пад рэпрэсіі сёння. Адным словам, далі зразумець, што можна апынуцца ў СІЗА», — так Васюковіч згадаў свой апошні допыт у міліцыі.