Прадстаўнік ураду Польшчы заклікае на знак салідарнасці пакінуць вольнае месца за калядным сталом для Пачобута і Борыс
Упаўнаважаны ўраду Польшчы па справах польскай дыяспары ладзіць акцыю ў падтрымку журналіста Андрэя Пачобута і кіраўніцы СПБ Анжалікі Борыс.
Упаўнаважаны ўраду па справах польскай дыяспары і палякаў замежжа Ян Дзедзічак ( (Jan Dziedziczak) заклікае падтрымаць прадстаўнікоў польскай этнічнай меншасці ў Беларусі.
Акцыя «Калядная талерка для Анжалікі і Анджэя» павінна стаць жэстам салідарнасці з журналістам Андрэем Пачобутам і кіраўніцай непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Анжалікай Борыс, якія ўжо 9 месяцаў знаходзяцца за кратамі.
— Гэта прыгожая польская традыцыя — пакінуць за калядным сталом свабоднае месца для таго, каго мы чакаем. Часам для незнаёмага, вандроўніка. Сёлета мы вырашылі заклікаць нашых суайчыннікаў на радзіме і за мяжой, каб падчас гэтай важнай сямейнай сустрэчы падумалі пра арыштаваных у Беларусі палякаў, якія былі зняволеныя толькі таму, што яны палякі, — цытуе Яна Дзедзічка polskieradio.pl.
Далучыцца да акцыі «Калядная талерка для Анжалікі і Анджэя» можна будзе ад 22 да 26 снежня на профілі міністра Яна Дзядзічака ў Фэйсбуку. Размова ідзе пра тое, каб зрабіць здымак свабоднага месца за калядным сталом, пакінутага для вязняў сумлення ў Беларусі і даслаць фота разам з хэштэгам # WigiliaAndżelikiiAndrzeja.