Улады заблякавалі сайт праваабарончай арганізацыі Human Constanta за «распальваньне варожасьці»
Саму арганізацыю Human Constanta ўлады Беларусі зьліквідавалі ў жніўні 2021 году.
У паведамленьні пракуратуры Менску гаворыцца, што нібыта «на сайце разьмешчаная недакладная інфармацыя, накіраваная на распаўсюд дэструктыўных настрояў у грамадзтве, падрыў аўтарытэту дзейнай улады» і сілавікоў, а таксама паведамленьні, якія «распальваюць варожасьць».
Беларускую праваабарончую арганізацыю Human Constanta зарэгістравалі ў 2016 годзе, у Менску. Яна працуе з правамі чалавека ў трох асноўных кірунках: абарона правоў чалавека адносна замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, прасоўваньне анты-дыскрымінацыі і адукацыі ў галіне правоў чалавека, лічбавых свабод і правоў. Таксама Human Constanta дапамагала ўцекачам і мігрантам.
У сярэдзіне жніўня 2021 года праваабаронцу Human Constanta Насту Лойку затрымалі Супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў і адвезьлі на допыт. У жніўні Насту зьмясьцілі ў ІЧУ на Акрэсьціна, перад гэтым у яе кватэры прайшоў вобшук. Праз 72 гадзіны яе вызвалілі. Наста Лойка пасьля вызваленьня знаходзіцца ў статусе падазраванай. Яе абвінавачваюць у «садзейнічаньні ў нявыплаце падаткаў» у крымінальнай справе супраць кіраўніцтва ПЦ «Вясна». Яна пад падпіскай аб нявыезьдзе і пад абавязаньнем аб яўцы.
Саму арганізацыю Human Constanta ўлады зьліквідавалі ў жніўні 2021 году.
Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі
У красавіку міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.
22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.
«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»
«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.
30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.
«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.
Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.
Паводле «Вясны», ліквідавана ці ў працэсе ліквідацыі 275 грамадскіх арганізацый.
Сярод ліквідаваных арганізацый
• Human Constanta
• Беларуская асацыяцыя журналістаў
• Беларускі Хэльсынскі камітэт
• Гродна Лайф Медыя
• Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
• Зьвяно
• Имена
• Мова нанова
• Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
• ПЭН-цэнтар
• Прававая ініцыятыва
• Саюз беларускіх пісьменьнікаў
• Тэрыторыя правоў
• Цэнтар прававой трансфармацыі
• Экадом
• Таварыства беларускай мовы