Журналісту Алегу Груздзіловічу далі паўтара года калоніі
Такі прысуд вынес сёння суд Савецкага раёна Мінска.
Алега Груздзіловіча спачатку затрымалі 16 ліпеня, падчас пагрому мінскага офіса Радыё Свабода, ён адсядзеў тады 10 сутак. 23 снежня яго затрымалі паўторна.
Суд над ім пачаўся ўчора. Былога журналіста «Радыё Свабода» абвінавачвалі у трох эпізодах удзелу ў «масавых беспарадках» падчас пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў 2020 года і гвалту (артыкул 342). Пракурор запатрабаваў пакараць Груздзіловіча тэрмінам у 1,5 года зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.
Таксама Груздзіловічу выставілі пазоў на 56 тысяч рублёў.
Журналіста ўчора дапыталі па кожным эпізодзе: дзе знаходзіўся і што рабіў у даты, выстаўленыя ў абвінавачанні. Алег адказаў, што 16 жніўня 2020 года меў акрэдытацыю МЗС Беларусі ў якасці карэспандэнта «Радыё Свабода» і быў у камізэльцы з надпісам «Прэса», а 11 і 18 кастрычніка працаваў як пазаштатны журналіст «Народнай волі», выконваў сваю працу, бо з канца жніўня МЗС пазбавіў свабодаўцаў акрэдытацыі.
Сведкам на працэсе учора выступіў рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч, які расказаў суду, што Алег выконваў рэдакцыйнае заданне па асвятленні падзей.
***
Алег Груздзіловіч — адзін з найвядомейшых беларускіх журналістаў. Яго стаж налічвае амаль 40 гадоў.
Алег Груздзіловіч нарадзіўся ў 1958 годзе ў Маладзечна, вучыўся ў Берасці, скончыў Белдзяржуніверсітэт, жыве ў Мінску.
У журналістыцы з 1980 году. З 1995-га – на Радыё Свабода.
У 1988 годзе, працуючы адказным сакратаром газеты «Знамя юности», ініцыяваў сход рэдакцыйнай калегіі, якая вырашыла не выконваць загаду ЦК КПБ аб перадрукоўцы з расейскай прэсы антыперабудовачнага артыкула «Не могу поступаться принципами».
У 1995 годзе звольніўся з дзяржаўнай «Народнай газеты», пасля таго як быў зьняты ягоны рэпартаж аб зьбіцьці ў парламенце дэпутатаў – сяброў апазіцыі БНФ, якія пратэставалі супраць рэферэндуму пра мову і дзяржаўную сімволку.
На Радыё Свабода адказвае за асвятленне тэмы палітвязняў, зніклых дзеячаў апазіцыі. Вёў рэпартажы з судовых працэсаў над удзельнікамі акцыяў пратэсту, палітычнымі дзеячамі, вядомымі гаспадарнікамі, чыноўнікамі і інш.
Не раз затрымліваўся супрацоўнікамі спецслужбаў і міліцыі пры выкананні журналісцкіх абавязкаў.
Пераможца конкурсу «Праваабарончага альянсу Беларусі» за 2009 год у намінацыі «Журналіст году».
Жанаты, мае трох сыноў і ўнучку Еву.