• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Палітзняволенага журналіста Сяргея Гардзіевіча пазбаўляюць лістоў з волі

    Драгічынскі карэспандэнт інтэрнэт-сайта “Першы Рэгіён” Сяргей Гардзіевіч, які цяпер адбывае прысуд у шклоўскай папраўчай калоніі № 17, вымушаны быў напісаць адмову ад атрымання карэспандэнцыі не ад сваякоў.

    Жонка журналіста Святлана Гардзіевіч кажа, што лісты да мужа і раней даходзілі нерэгулярна, а зараз увогуле няма сэнсу пісаць. Пра гэта Сяргей Гардзіевіч распавёў, калі атрымаў дазвол паразмаўляць з жонкай па тэлефоне.

    “Мы размаўлялі па відэасувязі, таму я бачыла яго стан. Казаў, што некаторы час знаходзіўся ў ШІЗА, яго пазбавілі спаткання, а таксама паменшылі магчымасці дла “атаваркі”: калі раней мог нешта купіць на шэсць базавых велічынь, дык зараз толькі на дзве”, — распавяла Святлана Гардзіевіч.

    Паводле яе слоў, гэтыя абмежаванні з’явіліся пасля таго, Гардзіевіча зрабілі парушальнікам рэжыму ва ўмовах зняволення. (Дарэчы, у шклоўскай калоніі Сяргей Гардзіевіч працуе па сваёй першай спецыяльнасці — рамантуе рухавікі.)

    Што да стану здароўя, то жонка журналіста заўважае, што раней ён быў моцна схуднеў, але цяпер вага стабілізавалася, і Сяргей пачаў нават крыху папраўляцца. “Пачалі знікаць чорыя кругі пад вачыма, і сам ён кажа, што адчувае сябе нармальна”, — дадае спадарыня Святлана.

    Яна таксама адзначыла, што мужу пералічылі тэрмін пакарання, паколькі да суда ён некаторы час утрымліваўся пад хатнім арыштам, а пасля ў СІЗА.

    “Хатні арышт палічылі за два месяцы зняволення, а знаходжанне ў СІЗА —  дзень за паўтара. У выніку атрымліваецца, што пасля прысуду Сяргей правядзе ў калоніі 1 год і 3 месяцы і мусіць выйсці на волю сёлета 27 кастрычніка”,  — кажа Святлана Гардзіевіч.

    Нагадаем, 22 снежня 2020 года АМАп затрымаў драгічынскага карэспандэнта «Першага рэгіёна» па дарозе ў Брэст на падставе крымінальнай справы за «абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Некалькі месяцаў ён знаходзіўся пад хатнім арыштам, але ад пачатку траўня яму змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе.

    2 жніўня 2021 года Сяргей Гардзіевіч быў пакараны судом Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці на 1,5 гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ва ўмовах агульнага рэжыму. Справу журналіста вёў суддзя Генадзь Кудласевіч, дзяржабвінаваўца ў судовым працэсе — пракурор Іванаўскага раёна Сяргей Жуковіч.

    Журналіста судзілі і прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: “Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” (ч. 1 арт. 368), “Абраза прадстаўніка ўлады” (арт. 369) і “Паклёп” (арт. 188) — за абразу Аляксандра Лукашэнкі, за абразу супрацоўніка міліцыі і за паклёп у дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Гаворка ідзе пра каментары ў сацыяльных сетках.

    Сяргей Гардзіевіч сваю віну не прызнаў, а праваабарончыя арганізацыі прызналі яго палітычным вязнем.

    Сяргей Гардзіевіч, журналіст інтэрнэт-выдання «Першы рэгіён», за кратамі з 2 жніўня 2021 года.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці