Журналіст Андрэй Пачобут некаторы час знаходзіўся ў «расстрэльным калідоры» на Валадарцы
Андрэю Пачобуту забароненыя спатканні са сваякамі, ягоныя лісты цэнзуруюцца, а адвакаты маўчаць, баючыся быць пазбаўленымі ліцэнзіі. Выданне Rzeczpospolita змагло атрымаць інфармацыю ад Пачобута. Падрабязнасці пра зняволенне расказаў чалавек, які правёў некаторы час з журналістам у адной камеры.
З 14 красавіка па 17 мая 2021 года Пачобут знаходзіўся ў мінскім СІЗА на Валадарскага ў ізалятары, дзе праводзяць апошнія дні асуджаныя да смяротнага пакарання.
- Гэта так званы калідор смерці, за сцяной у суседняй камеры знаходзіўся асуджаны на расстрэл, – кажа суразмоўца выдання.
Трымаючы Пачобута ў месцы, прызначаным для асуджаных да расстрэлу, рэжым, верагодна, хацеў прымусіць яго пакінуць краіну. Журналіст неаднаразова адхіляў прапанову аб вызваленні ў абмен на просьбу аб памілаванні.
Дагэтуль было вядома толькі, што прадстаўнікоў польскай меншасці ў Беларусі абвінавачвалі ў «распальванні нянавісці» і «рэабілітацыі нацызму», за што ім пагражае ад 5 да 12 гадоў турмы. Сярод іншых абвінавачванняў улады Беларусі маюць прэтэнзіі да інтэрв’ю, якія Пачобут даў польскім СМІ, і чатырох яго артыкулаў, якія ён апублікаваў у Gazeta Wyborcza. Пра якія дакладна інтэрв’ю і артыкулы ідзе размова, невядома.
Жонка Андрэя Пачобута Аксана паведамляе, што месяц не атрымлівала лістоў ад мужа, але апошнім часам перапіска аднавілася.
– Андрэй вельмі рады, што, акрамя яго, ніхто з актывістаў Саюзу палякаў Беларусі больш не знаходзіцца за кратамі, што ён будзе адчуваць сябе спакойна ў гэтай сітуацыі. Піша, што не мяняе сваіх поглядаў і не будзе прасіць аб памілаванні. Ён таксама напісаў, што «нягледзячы на непагадзь на вуліцы, я застаюся ў баявым настроі».
Перадае прывітанні ўсім, хто хвалюецца за яго лёс. Прасіў не хвалявацца, бо ён невінаваты і ні ў якім разе не парушаў закон, – кажа Rzeczpospolita Аксана Пачобут.
Андрэй Пачобут мяркуе, што да верасня «польскую справу» перададуць у суд. Яго арышт падоўжаны да 25 мая.
Па інфармацыі Rzeczpospolita, улады Беларусі праводзяць «экспертызу» дзейнасці Саюза і хочуць абвінаваціць найбуйнейшую польскую арганізацыю ў краіне ў «парушэнні тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі». Верагодна, размова ідзе пра арт. 361 Крымінальнага кодэксу Беларусі, дзе згадваюцца заклікі да дзеянняў «супраць знешняй бяспекі Беларусі, яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці, нацыянальнай бяспекі і абараназдольнасці». За гэта ён можа быць пазбаўлены волі на тэрмін да 6 гадоў.
– Мы папулярызуем польскую культуру і адукацыю ў Беларусі, нічога іншага. Польская меншасць ніколі не выстаўляла ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій. Гэтыя новыя абвінавачванні высасаныя з пальца. Гэта проста не ўкладаецца ў галаве, – каментуе Rzeczpospolita актывіст Саюза палякаў Беларусі, які просіць не называць яго імя.