Справа філосафа-палітвязня накіраваная ў суд. У чым жа вінавацяць Мацкевіча?
Пракуратура горада Мінска накіравала ў Мінскі гарадскі суд крымінальную справу ў дачыненні да філосафа Уладзіміра Мацкевіча.
Пра гэта паведамляецца ў тэлеграм-канале Генпракуратуры.
З артыкула на сайце Генпракуратуры можна даведацца і пра абвінавачанні ў дачыненні да палітвязня. Паводле версіі ўладаў, філосаф вінаваціцца ў тым, што “са жніўня 2020 года па 4 жніўня 2021 года стварыў і кіраваў экстрэмісцкім фарміраваннем шляхам аб’яднання групы грамадзян” (ч. 1 арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).
Але гэта яшчэ не ўсё! Паводле матэрыялаў справы, “абвінавачаны 25 кастрычніка 2020 года на тэрыторыі Мінска прымаў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, што пацягнула парушэнне працы транспарту і прадпрыемстваў (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь)”.
Таксама Мацкевіча абвінавалілі ў тым, што 7 траўня 2021 года размясціў на YouTube-канале “відэазапіс з абразай на адрас кіраўніка дзяржавы” (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).