Журналіст Руслан Кулевіч дэбютаваў у футболе і папоўніў шэрагі каманды WKS Grodno
У Польшчы ў чэмпіянаце рэтра-ліга з 2018 года гуляе каманда WKS Grodno — аналаг даваеннай каманды з Гродна. Журналіст MOST Руслан Кулевіч стаў першым гродзенцам, хто папоўніў шэрагі гэтай каманды. 28 мая ў Беластоку ён дэбютаваў за WKS Grodno у гульні супраць мясцовага WKS.
Апошні раз каманды WKS (вайсковы клуб спартыўны) Гродна і Беластока сустракаліся восенню 1938 года, за год да пачатку Другой сусветнай вайны. Гродзенская каманда перастала існаваць у 1939 годзе: многія футбалісты адправіліся на вайну, толькі адзінкі пасля вайны працягнулі кар’еру ўжо ў савецкім Гродне.
Ужо некалькі гадоў у Казяніцах у рамках Казяніцкай асацыяцыі гістарычнай рэканструкцыі дзейнічае футбольная секцыя ў колерах Гродзенскага ваенна-спартыўнага клуба, які быў заснаваны ў 1921 годзе 76‑м пяхотным палком. Каманда называецца WKS Grodno (вайсковы клуб спартыўны), як да вайны ў Гродне.
Усё так, як расказвалі старажылы
Матч паміж камандамі WKS Bialystok і WKS Grodno скончыўся з нулямі на табло. Унікальнасць рэтра-лігі ў тым, што ўсе футбалісты гуляюць у копіях формаў стогадовай даўніны. Буцы і мяч — у тым ліку.
Руслану Кулевічу трэнерскі штаб каманды Grodno даверыў месца ў старце на правым краі, але вось адзначыцца ў матчы ў гродзенскага журналіста не атрымалася. Ён меў адзін добры момант, але трохі не хапіла, каб замкнуць прастрэл.
— Я рады дэбютаваць за WKS, для мяне гэта вялікая падзея. Калісьці ў Гродне планаваў адрадзіць гэтую каманду, але не атрымалася. Рады, што гэта зрабілі ў Польшчы аматары гісторыі. Усе на вышэйшым узроўні, усё так, як расказвалі мае героі кніг — гродзенскія старажылы, — расказаў MOST Руслан Кулевіч.