• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У межах справы Соф’і Сапега выставілі абвінавачанне адміністратару платформы “23.34”. За “экстрэмізм”

    Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта Беларусі адсправаздачылася пра завяршэнне крымінальнай справы ў дачыненні да аднаго з адміністратараў “экстрэмісцкай платформы” пад сумна вядомымі лічбамі "23.34" – адсылка да “народнага артыкула”, праз які ў 2020-2021 гадах прайшлі дзясяткі тысяч удзельнікаў мірных пратэстаў.   

    Следчыя заявілі, што падчас расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да зняволенай 24-гадовай студэнткі Соф’і Сапега, якую абвінавацілі ў адміністраванні тэлеграм-канала “Чорная кніга Беларусі” і яго рэгіянальных адгалінаванняў, выяўленыя “актыўныя памагатыя з  сумежных інтэрнэт-платформаў”. Тыя, маўляў, пастаўлялі інфармацыйныя матэрыялы “злачыннай групе” дзеля “далейшага распальвання варожасці, сеткавага генацыду і цкавання прадстаўнікоў органаў праваахоўнай і судовай сістэм”.  

    Паводле звестак следства, адміністратары “Чорнай кнігі Беларусі” ўступілі ў “злачынную змову” з кіраўнікамі рэсурсу «23.34». Ключавы парадак “змоўшчыкаў” быў заснаваны на “палітычнай варожасці, нянавісці і паклёпе”, а рабілася ўсё з мэтай перашкоды “ўсебаковаму і аб’ектыўнаму разгляду суддзямі крымінальных і адміністрацыйных спраў”. 

    Без указання імя, прозвішча і прафесійнай прыналежнасці адзначаецца, што адзін з адміністратараў «інфармацыйнай сістэмы» – 40-гадовы ўраджэнец Гродзенскай вобласці – ажыццяўляў свае задачы спачатку з тэрыторыі Украіны, а потым Польшчы. У верасні 2021 года ён прыехаў у Беларусь, дзе яго затрымалі супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі. Праверка канфіскаванай камп’ютарнай тэхнікі пераканала следчых адносна непасрэднай датычнасці мужчыны да дзейнасці экстрэмісцкіх рэсурсаў – быццам бы захоўваў персанальныя дадзеныя амаль 17 тысяч службовых асоб, праваахоўнікаў і вайскоўцаў. 

    Цяпер мужчыну абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. З санкцыі пракурора да яго ўжытая мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. Матэрыялы ўжо перададзены пракурору для накіравання ў суд. 

    У паведамленні Следчага камітэта сцвярджаецца, што пры дапамозе згаданага рэсурсу “радыкалам і анархістам даваліся псеўдастатусы палітвязняў”, а ўчыненне злачынстваў заахвочвалася і папулярызавалася. Працавалі нібыта згодна з прынцыпам “сістэматызацыі і назапашвання звестак у спецыяльнай сістэме”, адкуль прадстаўнікі іншых “радыкальных” тэлеграм-каналаў бралі інфармацыю, дапаўнялі асабістымі звесткамі і распаўсюджвалі з заклікамі да гвалту, цкавання, дэмаралізацыі, пашкоджання маёмасці. 

    Выяўлена, што лагіны і паролі ад інфармацыйнай сістэмы «23.34» былі перададзеныя адміністратарам «Чорнай кнігі», а для каардынацыі дзейнасці падкантрольных рэсурсаў створаны асобны закрыты тэлеграм-чат. Многія з яго ўдзельнікаў знаходзяцца ў міжнародным вышуку і хаваюцца ад крымінальнага пераследу за мяжой, канстатуе Следчы камітэт. 

    Нагадаем, Соф’ю Сапега затрымалі разам з журналістам Раманам Пратасевічам 23 мая 2021 года, дзеля чаго прымусова пасадзілі ў Мінску самалёт Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільню. У выніку дзяўчыну асудзілі на 6 гадоў калоніі. Яе сябар пайшоў на здзелку са следствам; яго статус дакладна невядомы, але прапагандысты актыўна выкарыстоўваюць былога апазіцыянера ў сваіх шоў.  

    Соф’я Сапега нарадзілася ва Уладзівастоку, у дзіцячым узросце пераехала з маці ў Беларусь, але засталася грамадзянкай Расіі. У 2015‑м паступіла ў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, супрацоўнічала з тэлеканалам “Белсат”. Напрыканцы 2020-га пачала сустракацца з Раманам Пратасевічам, адным з рэдактараў тэлеграм-канала NEXTA. 

    Першапачаткова студэнтку затрымалі на 72 гадзіны як падазраваную “ў здзяйсненні злачынстваў цягам жніўня-верасня 2020 года”, пасля чаго перавялі спачатку ў ізалятар на Акрэсціна, а затым у СІЗА КДБ. Сваякі спадзяваліся, што расійскае грамадзянства дапаможа ў надзвычайнай сітуацыі, яе лёс нават абмяркоўвалі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Аднак па выніку ў Крамлі заявілі, што вымушаны прыняць да ўвагі наяўнасць у яе віду на жыхарства ў Беларусі. Фактычна Расія дыстанцыявалася ад гэтай справы. 
    Працэс над Соф’яй Сапега пачаўся сёлета 28 сакавіка ў Гродне, яе абвінавацілі ў парушэнні сямі артыкулаў Крымінальнага кодэкса. А ўжо 6 мая суд агучыў канчатковы вердыкт: 6 гадоў зняволення і буйная грашовая кампенсацыя пацярпелым. Прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава на запыт родных асуджанай абмежавалася рэплікай, што “ўсё адбываецца ў межах беларускага заканадаўства”.

    Беларускія праваабаронцы прызналі Соф’ю Сапега палітычнай зняволенай, а прадстаўнікі міжнароднай арганізацыі Amnesty Inter­na­tion­al па выніках прысуду выказалі здагадку, што Соф’ю затрымалі з мэтай аказаць ціск на Рамана Пратасевіча. Праўда, пазней з’явілася інфармацыя, што Пратасевіч пад хатнім арыштам умудрыўся ажаніцца, а Соф’я і яе сваякі заявілі, што назаўжды выкрэслілі яго са свайго жыцця.  

    Інцыдэнт з пасадкай самалёта ў Мінску, арыштам Сапега і Пратасевіча прывёў да абвастрэння крызісу ў адносінах паміж Еўрасаюзам і Беларуссю. Заходняя Еўропа спыніла любое паветранае злучэнне з Мінскам для “Белавія” і сваіх кампаній, а ЗША пашырылі санкцыйны спіс грамадзян і юрыдычных асоб, дадаўшы Следчы камітэт — “за палітычна матываваныя крымінальныя справы супраць Сапега і Пратасевіча”.

    17 студзеня 2022 года Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ІCАО) пасля некалькіх пераносаў тэрміну накіравала ўладам краін-удзельніц справаздачу пра інцыдэнт. Сярод іншага, яна ўключае расшыфроўкі перамоў экіпажу з дыспетчарамі і схему палёту самалёта над Беларуссю з аналізам адлегласці паміж пасажырскім лайнерам і знішчальнікам ваенна-паветраных сіл Беларусі. Зроблена выснова, што беларускія чыноўнікі выкарысталі фальшывае паведамленне пра бомбу на борце дзеля таго, каб змусіць прызямліцца ў Мінску самалёт, на якім сярод іншых пасажыраў знаходзіўся апазыцыйны блогер Раман Пратасевіч. 
    У сваю чаргу ўлады ЗША выставілі завочныя абвінавачанні кіраўніку “Белаэранавігацыі” Леаніду Чуро, ягонаму намесніку Алегу Казючыцу і двум супрацоўнікам КДБ у змове з мэтай здзяйснення авіяцыйнага пірацтва – на борце падчас прымусовай пасадкі знаходзіліся чацвёра грамадзян Злучаных Штатаў. Абвінаваўчае заключэнне пададзена ў Федэральны акруговы суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрка, усім пагражае ад 20 гадоў пазбаўлення волі да пажыццёвага зняволення.

    22 чэрвеня Соф’я Сапега перадала хадайніцтва аб памілаванні ў адміністрацыю калоніі №4 у Гомелі. У звароце палітзняволеная просіць Лукашэнку вызваліць яе ад адбыцця неадэкватнага тэрміну пакарання або замяніць яго больш мяккім. Пра нейкую рэакцыю з боку дзяржаўных інстанцый на гэты ліст невядома.    

    Чытайце яшчэ:

    Российскую «Новую газету» лишили регистрации

    «Письма в клеточку» закрываются: проект больше не будет отправлять письма политзаключённым

    Экс-ведущие радио Unistar запускают собственное шоу — на YouTube и из Варшавы

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці