Агрэгатар навін прызналі “экстрэмістскім”, да сайта з прамовамі Пазняка абмежавалі доступ
Беларускія ўлады працягваюць пашыраць “экстрэмісцкія” шэрагі, агучваючы ўсё новых “фігурантаў”. Гэтым разам у адмысловы пералік на сайце Міністэрства інфармацыі дадалі навінавы Telegrаm-канал “Пра нас”, а платформу “Беларуская салідарнасць” з аналітыкай Зянона Пазняка заблакавалі для наведнікаў. Таксама прыцягнуты да адказнасці кіраўнік інтэрнэт-кнігарні, які не зняў з продажу “крамольную” літаратуру.
На падставе заявы пракуратуры Ленінскага раёна Мінска інфармацыйная прадукцыя Telegrаm-канала “Пра нас” прызнана “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. Гэта вынікае з абноўленага спісу, які сістэматызуе Мінінфарм. Удакладняецца, што адпаведны вердыкт 2 лістапада прыняў суд Ленінскага раёна Мінска, рашэнне падлягае “неадкладнаму выкананню”.
Telegrаm-канала “Пра нас” так пазіцыянуе сваю інфармацыйную місію: “Гэта пра нас з вамі — наша жыццё, нашы эмоцыі, нашы праблемы, нашы мары, нашу працу, нашу салідарнасць, нашу Беларусь. Будзь з намі, а мы будзем с табой”. Праўда, адносна таго, каб “быць разам”, пракуратура і суд вырашылі па-свойму.
У сваю чаргу пракурор Мінска вынес пастанову аб абмежаванні доступу да сайту платформы «Беларуская салідарнасць». Пра гэта паведамілі ў Генеральнай пракуратуры Беларусі.
У анатацыі на інтэрнэт-рэсурсе biеlarus.nеt гаворыцца, што «Беларуская салідарнасць» — гэта платформа нацыянальнага Адраджэння, форма ідэйнай лучнасці паміж беларусамі і пазіцыя змагання з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасць і свабода, бо не бывае “правоў чалавека” пад акупацыяй», — адзначаецца на сайце.
Рэсурс у асноўным публікуе прамовы і аналітычныя разважанні лідэра Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Зянона Пазняка.
І яшчэ навіна ад пільных пракурорскіх работнікаў. Пракуратура Савецкага раёна Мінска адсправаздачылася, што выявіла ў буйной інтэрнэт-краме факт прапановы выдання, уключанага ў рэспубліканскі спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў”.
Там нагадалі, што рашэннем суда Ленінскага раёна Гродна ад 18 красавіка такой прызнана кніга “Ваенная гісторыя Беларусі. Героі. Сімвалы. Колеры” Віктара Ляхара (Мінск, выдавецтва “Харвест”, 2019). Аднак гандлёвы аб’ект своечасова не прыняў меры да “выдалення прапановы”.
У парадку рэагавання пракуратура вынесла кіраўніку арганізацыі прадпісанне, у якім запатрабавала неадкладна ліквідаваць парушэнні заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму. Паведамляецца, што “акт нагляду выкананы”.
Віктар Ляхор — вядомы мастак-геральдыст, сябра Геральдычнай рады пры прэзідэнце ў 2001–2018 гадах, аўтар дзясяткаў гербаў і сцягоў беларускіх населеных пунктаў і раёнаў. Яго кніга — гэта ілюстраваная энцыклапедыя пра вайсковую сімволіку на беларускіх землях. Выданне мела поспех, пакуль да цкавання аўтара не далучылася праўладная актывістка Вольга Бондарава. Менавіта па яе заяве аб нібыта “ўсхваленні калабарацыянізму і паліцайшчыны” выданне ўрэшце прызналі “экстрэмісцкім”.
Камічнасць сітуацыі ў тым, што Віктар Ляхор — распрацоўшчык формы і эмблемаў для сілавых структур Беларусі, уключна з АМАП, ГУБАЗіК ды іншымі падраздзяленнямі. Сам мастак, які сёлета пакінуў Беларусь, раней іранічна параўноўваў сябе з нямецкім фабрыкантам Хуга Босам, які падчас Другой сусветнай ваны “абшываў” эсэсаўцаў (SS).
Чытайце яшчэ:
Акция солидарности с Евгением Меркисом: норвежские журналисты поддержали белорусского коллегу
Дзяніс Дудзінскі: Прызвычаіцца можна нават да пастаяннай прысутнасці смерці
Аляксандру Тамковічу сёння споўнілася б 59 гадоў