• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіста Ігара Хмару асудзілі на 2,5 гады “хатняй хіміі”. Як напярэдадні і патрабавала пракуратура

    11 лістапада суддзя Маскоўскага раёна Мінска Таццяна Пірожнікава абвясціла прысуд у справе журналіста, экскурсавода, краязнаўцы Ігара Хмары. На падставе артыкула 342 Крымінальнага кодэкса яго пакаралі 2,5 гадамі абмежавання волі ва ўмовах хатняга рэжыму.  Палітвязня прызналі вінаватым у “актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. 

    Працэс над журналістам, які да таго больш за тры месяцы правёў за кратамі, пачаўся 10 лістапада. У першы ж дзень прадстаўніца пракуратуры запатрабавала пакараць яго 2,5 гадамі абмежавання волі без накіравання ў спецустанову.

    Суддзя Таццяна Пірожнікава такую санкцыю падтрымала. Зрэшты, як сведчаць навіны апошняга часу, суддзі цалкам пагаджаюцца з патрабаваннямі тэрмінаў, агучаных бокам абвінавачання. 

    Падставай для пачатку крымінальнай справы супраць Ігара Хмары стаў ягоны ўдзел ў мірнай акцыі пратэсту ў Мінску 16 жніўня 2020 года. Паводле праваахоўнікаў, журналіст нібыта напісаў “яўку з павіннай” на падставе выкладзенага фотаздымка ў Insta­gram, чым аўтаматычна прызнаў сваю віну. 

    Але затрымалі яго толькі праз два гады, сёлета 2 жніўня. У якасці экскурсавода Ігар Хмара арганізоўваў групавыя экскурсіі па гістарычных мясцінах сталіцы, і на той дзень праз свае сацыяльныя сеткі абвясціў шпацыр па мікрараёне Серабранка. 

    Як пазней стала вядома ад сукамерніка Ігара Хмары, які выйшаў на волю, журналіста схапілі пасля сігналу ад “пільных грамадзян” пра беларускую мову экскурсіі. А ўжо ў працэсе заглыблення аператыўнікамі ГУБАЗіК у  біяграфію затрыманага нібыта ўсплылі здымкі на жнівеньскай акцыі з  бел-чырвона-белым сцягам.

    У выніку на краязнаўцу завялі справу паводле “народнага  артыкула”: ч. 1 арт.342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).  

    Праваабарончая супольнасць прызнала Ігара Хмару палітычным вязнем.

    У якасці журналіста Ігар Хмара пісаў пра ўрбаністыку і адметныя мясціны Беларусі для “Беларускага радыё”, партала Realt.by, выдання “Близкие новости” ды іншых афіцыйных і недзяржаўных медыяў 

    У жніўні 2018 года яго затрымлівалі ў межах так званай “справы БелТА”, пачатай супраць галоўнай рэдактаркі партала Tut.by Марыны Золатавай і іншых журналістаў недзяржаўных СМІ. Тады абышлося без крытычных наступстваў.   

    Чытаць яшчэ: 

    Еўрапейскія праваабаронцы сабралі больш за 80 000 подпісаў за вызваленне Алеся Бяляцкага і беларускіх палітвязняў

    Правительство продлило разрешения на работу для корпунктов «России сегодня» и НТВ

    Google заблакаваў YouTube-канал «БелРос». Мінінформ супраць

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці