• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пасля “бану” ад Мінінфармацыі аднавіў працу сайт недзяржаўнай газеты “Народная воля”

    Як і планавала рэдакцыя аднаго з найстарэйшых незалежных выданняў Беларусі, ад 9 студзеня пасля тэхнічных работ у звычайным рэжыме зноў запрацаваў сайт nv-online.info. Раней Міністэрства інфармацыі разблакавала інтэрнэт-старонку “Народнай волі”, якая была недасяжнай ад сярэдзіны жніўня мінулага года.

    Напрыканцы снежня 2022 года з’явіўся загад за подпісам міністра інфармацыі Уладзіміра Пярцова, на падставе якога інтэрнэт-рэсурсу афіцыйна дазволена вярнуцца ў інфармацыйнае поле.

    Па завяршэнні тэхнічных працэдур “амніставаная” старонка 9 студзеня сустракае самымі надзённымі тэмамі: пачатак суда над супрацоўніцамі партала Tut.by, рэзанансны працэс з удзелам Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага і яго паплечнікаў, гісторыя апальнага бізнесмена Юрыя Чыжа і г. д.  

    “У сувязі з вызначэннем факта адсутнасці парушэння заканадаўчых актаў, якое стала падставай для прыняцця ранейшага рашэння аб абмежаванні доступу, загадваю аднавіць доступ да інтэрнэт-рэсурсу з ідэнтыфікатарамі www. nv-online.info і nv-online.info. Забяспечыць давядзенне дадзенага загада да Дзяржаўнай інспекцыі па электрасувязі дзеля выключэння са спісу ідэнтыфікатараў інтэрнэт-рэсурсаў, доступ да якіх абмежаваны”, — гаворыцца ў дакуменце Міністэрства інфармацыі.

    Што было прычынай першапачатковых санкцый — так і засталося загадкай, у тым ліку для рэдакцыі. Ад самага моманту блакавання сайта кіраўніцтва выдання спрабавала аспрэчыць ведамаснае рашэнне, падкрэсліваючы, што свядома працягвае працу ў Беларусі і трымаецца нацыянальнага заканадаўства.     

    Яшчэ ў 2020 годзе “Народная воля” разам з шэрагам іншых недзяржаўных выданняў страціла магчымасць выходзіць у папяровым выглядзе — за асвятленне масавых акцый пратэсту Беларускі дом друку адмовіўся друкаваць наклады, а “Белпошта” выключыла газету са свайго падпіснога каталога. 

    Нейкі час у якасці альтэрнатывы выступалі расійскія друкарні, але 13 лістапада 2020 года ў офіс газеты прыйшлі невядомыя без дакументаў і канфіскавалі ўвесь надрукаваны наклад — 25 тысяч экзэмпляраў. У выніку пад ціскам кантрольных органаў ад супрацы адмовіліся і ў “саюзнай дзяржаве”. Дарэчы, ніхто з прадстаўнікоў сілавых структур з кіраўніцтвам газеты не звязваўся і не выстаўляў ніякіх прэтэнзій.

    Мала за тое, склалася папросту абсурдная сітуацыя: Эканамічны суд Мінска прысудзіў на карысць прадпрыемству “Белпошта” кампенсацыю за тое, што выданне… не даставіла прадугледжаныя дамовамі наклады на пошту і для падпісчыкаў. Той факт, што “Народную волю” адмовіліся друкаваць у Беларусі і нават Расіі, суд праігнараваў. У выніку — выплаціць заяўніку звыш 108 тысяч рублёў “матэрыяльных прэтэнзій”.

    Тым часам рэдакцыя “Народная волі” дастаўляла падпісчыкам па электроннай пошце pdf-версіі нумароў, паралельна працаваў сайт. Аднак 18 жніўня 2022 года ўлады заблакавалі сайт nv-online.info, да яго не было доступу як унутры краіны, так і за мяжой.

    “Блакіроўка настолькі глыбокая, што мы не маем доступу нават да “адмінкі” сайта, каб выправіць тыя недахопы, на якія звярнула ўвагу Міністэрства інфармацыі”, — адзначалі тады ў рэдакцыі.

    На наступныя амаль пяць месяцаў фактычна адзінай інфармацыйнай пляцоўкай для чытачоў газеты застаўся тэлеграм-канал t.me/nvonlineby і электронная версія газеты, pdf-файлы двойчы на тыдзень адпраўляліся кожнаму падпісчыку на электронную пошту.

    “Народная воля” — незалежная беларуская грамадска-палітычная газета, заснаваная ў 1995 годзе Іосіфам Сярэдзічам пасля таго, як указам Аляксандра Лукашэнкі ён быў адхілены ад кіравання парламенцкай “Народнай газетай”, заснавальнікам якой быў Вярхоўны Савет.

    На працягу наступнай чвэрці стагоддзя газета пашырала кола адданых чытачоў, самастойна вырашаючы нялёгкія пытанні фінансавага існавання.   

    Чытайце яшчэ: 

    Фотафакт: Кацярына Андрэева ў The Washington Post

    МЗС Польшчы: Польшча ўвесь час патрабуе вызвалення Анджэя Пачобута

    «Дарагая дзяржаўная прапаганда». Адзін дзень вяшчання БТРК абыходзіцца ў 330 тысяч рублёў!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці